Уцякаючы ад ДАІ, кіроўца схаваўся ў баку для смецця

Уцякаючы ад ДАІ, кіроўца схаваўся ў баку для смецця

Спрытнасць і кемлівасць не дапамаглі гомельскаму ліхачу схавацца ад ДАІ. 

Патрулючы на вуліцы Яфрэмава ў Гомелі, экіпаж ДАІ заўважыў "Аўдзі", якая ехала насустрач яму на вельмі вялікай хуткасці ў напрамку вуліцы Савецкай, піша newsgomel.by. Інспектары паспрабавалі спыніць аўто, але на скрыжаванні кіроўца рэзка развярнуўся і паехаў у процілеглым кірунку ў бок праспекта Касманаўтаў.

Даішнікі пачалі пагоню. Кіроўца не рэагаваў на патрабаванні прыпыніцца і ўцякаў на хуткасці 120 кіламетраў за гадзіну. Да пагоні далучыўся яшчэ адзін экіпаж ДАІ.

На вуліцы Воськіна аўтамабіль уцекача ўрэзаўся ў краму "Віраж", і кіроўца выскачыў з аўто. Інспектар пабег следам за ім, але уцекача за крамай не пабачыў.

У гэты час адзін з жыхароў дома, каля якога завяршылася пагоня, затэлефанаваў на нумар 102. Ён паведаміў, што праз акно ўбачыў, як за краму забег мужчына і схаваўся ў кантэйнеры для смецця. 
 
Даішнікі знайшлі парушальніка ў адным з трох смеццевых кантэйнераў. Выявілася, што гэта 26-гадовы жыхар Ельскага раёна. Хлопец быў п'яны за рулём, таму ўцякаў ад ДАІ. На яго склалі пяць адміністрацыйных пратаколаў. Парушальніку пагражае буйны штраф, а таксама пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі на тэрмін, большы за тры гады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі