Удзельніка Маршу студэнтаў Глеба Вайкуля могуць адлічыць з БДУ

Удзельніка Маршу студэнтаў Глеба Вайкуля могуць адлічыць з БДУ

Удзельніка Маршу студэнтаў і актывіста студэнцкага руху Глеба Вайкуля могуць адлічыць з філалагічнага факультэта БДУ. Яго імя ўжо ў спісах на адлічэнне, бо камісія з выкладчыкаў не паставіла яму залік па псіхалогіі літаратурнай творчасці. Па словах Глеба, залік адмовілася ставіць выкладчыца Таццяна Шамякіна. Двое другіх выкладчыкаў былі не супраць. Пра гэта Еўрарадыё распавёў сам малады чалавек.

Глеб Вайкуль: "Ні ў якую не жадала ставіць мне залік. І абяцала, што я магу пераздаць камісію. Але гэта апошняя інстанцыя, пасля яе — адлічэнне. Я падкупіўся яе аўтарытэтам і выйшаў са спадзяваннямі, што ў мяне будзе магчымасць. А пасля ў нізе ўбачыў сябе ў лісце на адлічэнне. А цяпер я не магу да яе дазваніцца".

Апошняя надзея, што Глебу ў дэканаце ўсё ж дазволяць пераздаць камісію, пры гэтым, па словах Глеба, большасць яго групы здала залік "аўтаматам". Праблемы з адлічэннем ён звязвае з ціскам адміністрацыі на студэнтаў, удзельнікаў маршу.  Раней Глеба Вайкуля аштрафавалі на 18 базавых за ўдзел у маршы студэнтаў (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў).

У дэканаце філалагічнага факультэта БДУ каментаваць сітуацыю адмовіліся.

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі