Украіна мяняе стратэгію: вызваленне тэрыторый — больш не прыярытэт

Последствия разгрома россиян в Буче

Последствия разгрома россиян в Буче / Еўрарадыё

Украіна мяняе стратэгію ў вайне з Расіяй. Вызваленне акупаваных тэрыторый перастае быць прыярытэтам, гэтак жа, як і ўтрыманне цяперашняй лініі фронта. Цяпер асноўная мэта ўкраінскай арміі — нанесці расіянам як мага больш цяжкія страты з мінімальнай колькасцю стратаў у шэрагах украінцаў.

Пра гэта піша вайсковы аглядальнік Bild Юльян Ропке са спасылкай на крыніцы ў УСУ. "Наша мэта — дамагчыся максімальна станоўчага каэфіцыента знішчэння, — расказвае выданню гэтая крыніца — неназваны ўкраінскі афіцэр. — Калі [суадносіны сваіх стратаў да стратаў праціўніка] 10 да 1 на нашу карысць, мы пойдзем далей. Калі 1 да 1, мы адступім".

"Пазіцыі не маюць значэння, галоўнае, каб як мага больш украінцаў засталіся жывыя", — пацвярджае іншы вайсковец. Пра тое ж кажа і былы заходні вайсковец, які ў апошнія гады неаднаразова кансультаваў Украіну. Тое, што адбываецца на фронце, ён называе кантраляваным адступленнем з боем.

"Вы ствараеце міннае поле і назіраеце, як на ім гіне як мага больш рускіх і знішчаюцца іх танкі. А калі яны пройдуць, вы адступіце на кіламетр і дазволіце рускім заехаць на наступнае міннае поле, якое было тым часам устаноўлена", — апісвае ён новую стратэгію.

Утрыманне ці нават вяртанне тэрыторый, кажа дарадца, зноў стане прыярытэтам толькі калі расійскія сілы альбо страцяць дастаткова людзей і тэхнікі, альбо на фронт прыбудзе "зброя, якая змяняе правілы гульні", якая дазволіць Украіне ўзяць ініцыятыву ў свае рукі.

Зрэшты, на першы фактар асаблівай надзеі няма — па падліках аналітыкаў, сёння Расія ў стане рыхтаваць 130 тысяч салдат на працягу паўгода. Гэтага дастаткова для таго, каб падтрымліваць наступальныя дзеянні ва Украіне — нават з вялікімі стратамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі