Украіна пачала антыдэмпінгавае расследаванне ў дачыненні да беларускай прадукцыі
Украіна пачала антыдэмпінгавае расследаванне ў дачыненні беларускай прадукцыі, інфармуе hromadske.ua. За чатыры гады імпарт будаўнічых газабетонных блокаў з нашай краіны вырас на 57% (толькі летась было завезена гэтай прадукцыі на 11,2 млн. долараў). Гэта прывяло да таго, што доля ўкраінскіх вытворцаў на рынку знізілася на 7%.
Антыдэмпінгавае расследаванне з мінулага тыдня праводзіць міжведамственная камісія па знешнім гандлі, якая адрэагавала на зварот Усеўкраінскай асацыяцыі вытворцаў газабетону. Украінскія чыноўнікі мяркуюць, што хуткі рост паставак з Беларусі адбыўся з-за таго, што прадукцыю прывозілі па заніжаных коштах. І калі такая сітуацыя працягнецца, украінскія вытворцы будуць несці страты.