Украіна ўмацуе мяжу з Беларуссю ў Ровенскай вобласці на 24 мільёны долараў
Умацаванні на мяжы з Беларуссю
900 млн грыўняў (каля 24 млн долараў) вылучыў урад Украіны на працяг умацавання мяжы з Беларуссю ў Ровенскай вобласці. Такая лічба называецца на сайце рэгіянальнай адміністрацыі.
"Запланавалі будаўніцтва інжынерна-тэхнічных і фартыфікацыйных збудаванняў. Якія менавіта і колькі — не буду канкрэтызаваць", — заявіў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Коваль.
Ён дадаў, што летась пяці суполкам Ровенскай вобласці перадалі субвенцыю на стварэнне процітанкавых равоў і набыццё блокаў, тэтраэдраў і габіёнаў (фартыфікацыйныя загароды). Працу па абароне мяжы працягнуць і сёлета.
Раней улады Ровенскай вобласці заяўлялі, што замініравалі ўвесь перыметр мяжы з Беларуссю і ўзвялі дзве лініі абароны. У Ровенскай вобласці даўжыня мяжы з Беларуссю складае 229 км.
Умацаваннем мяжы з Беларуссю ўкраінскія ўлады заняліся пасля таго, як на пачатку 2024 года расійскія войскі пачалі шырокамаштабную агрэсію ў тым ліку з нашай тэрыторыі. Афіцыйны Мінск падтрымлівае Маскву ў пачатай ёю вайне супраць Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.