Украіна зацікаўленая ў вызваленні палітвязняў, якія яе падтрымалі — Падаляк

Міхаіл Падаляк

Міхаіл Падаляк / DW

Украіна зацікаўленая ў вызваленні ўсіх, хто пацярпеў за выказванне праўкраінскай пазіцыі ці ўчынкі на яе карысць. Пра гэта дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк расказаў у інтэрв'ю сайту "Люстэрка".

Ён пракаментаваў нядаўняе вызваленне ўкраінцаў, якія былі затрыманыя і асуджаныя ў Беларусі. Ва Украіну вярнуліся пяцёра яе грамадзян, у тым ліку Мікалай Швец, якога вінавацілі ў дыверсіі ў Мачулішчах пад Мінскам, калі быў падарваны расійскі самалёт А-50.

Падаляк адмовіўся казаць, каго Украіна аддала ўзамен вызваленых грамадзян: "Усё, што тычыцца абмену тых людзей, якіх мы аддалі Расійскай Федэрацыі, — напэўна, Расія павінна казаць пра гэта".

Наконт магчымасці абмену іншых украінцаў, затрыманых у Беларусі, Падаляк адказаў так: "Мы вельмі зацікаўленыя, каб вызваліць усіх людзей, якія так ці інакш займалі публічна ці непублічна праўкраінскую пазіцыю, рабілі пэўныя ўчынкі на карысць Украіны. Мы вельмі зацікаўленыя ў вызваленні ўсіх: і ваеннапалонных, і цывільных. Пра гэта прэзідэнт Украіны неаднаразова казаў на розных пляцоўках".

Паводле Падаляка, у пытанні абмену афіцыйны Кіеў звяртаецца да ўсіх магчымых і немагчымых пасярэднікаў. У тым ліку прапаноўвае "абмяняць усіх на ўсіх — гэта значыць, забраць усіх ваеннапалонных і грамадзянскіх асоб, якіх Расія сёння ўтрымлівае на сваёй тэрыторыі. З улікам стаўлення да іх там гэта адзін з найважнейшых складнікаў нашай знешняй палітыкі".

На пытанне, ці могуць трапіць у абменны фонд "рэйкавыя партызаны" (людзі, якія рабілі дыверсіі на чыгунцы, каб не прапускаць расійскія ваенныя эшалоны ва Украіну), Падаляк адказаў сцісла: "Усе могуць трапіць — тыя, хто так ці інакш займаў праўкраінскую пазіцыю. І на гэтым паставім кропку".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі