Украінцы спрабуюць арганізаваць праз Мінск авіятранзіт у гарады Расіі
Найбуйнейшая ўкраінская авіякампанія "Міжнародныя авіялініі Украіны" вядзе перамовы з "Белавія" пра арганізацыю праз Мінск транзіту ў гарады Расіі. Як інфармуе РІА "Новости", таксама гаворка ідзе пра павелічэнне колькасці рэйсаў у беларускую сталіцу.
Гэта стала актуальным пасля таго, як у аўторак Расавіяцыя праінфармавала ўкраінскія авіякампаніі, якія здзяйсняюць рэйсы на тэрыторыю Расіі, што з 25 кастрычніка ўводзіцца забарона на выкананне палётаў у Расійскую Федэрацыю і з яе. Забарона будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль аналагічнае рашэнне не адменяць украінскія ўлады ў адносінах расійскіх авіякампаній.
Паводле слоў прэзідэнта "Міжнародных авіяліній Украіны" Юрыя Мірошнікава, украінскі бок плануе павялічыць колькасць рэйсаў да максімальна дазволенага на сённяшні дзень. Ён спадзяецца, што і беларусы зробяць тое самае, заплануюць на маршрут "самалёты максімальнай ёмістасці". Калі ж гэтага будзе не дастаткова, "Міжнародныя авіялініі Украіны" звернуцца да авіяцыйных уладаў з прапановай правесці перамовы з Беларуссю ў справе павелічэння колькасці рэйсаў.
Фота: flickr.com, ria.ru