Украінец кантрабандай нёс у Беларусь 150 папугаяў (фота, відэа)
Увечары 4 красавіка ўкраінскія памежнікі з Жытомірскага атрада затрымалі парушальніка мяжы, які накіроўваўся ў Беларусь па-за пунктамі пропуску, паведамляе Дзяржаўная памежная служба Украіны.
Памежнікі заўважылі мужчыну, калі ён ішоў у бок украінска-беларускай мяжы. Пабачыўшы іх, невядомы кінуўся ўцякаць, але неўзабаве быў затрыманы. Пры мужчыну не было ніякіх дакументаў, якія б сведчылі пра яго асобу. Мэту свайго знаходжання ўначы на рэжымнай тэрыторыі ён таксама растлумачыць не змог.
Праз нейкі час на мясцовасці, прылеглай да месца затрымання, памежнікі знайшлі вялікую скрыню з рамянямі для пераноскі. У скрыні было шэсць каробак з 150 папугаямі.
Неўзабаве высветлілі і асобу парушальніка. Гэта 45-гадовы грамадзянін Украіны, жыхар аднаго з населеных пунктаў памежжа.
На парушальніка мяжы склалі адміністрацыйны пратакол. Птушак перададуць супрацоўнікам фіскальнай службы.