Украінская разведка заяўляе, быццам Расія планавала ваеннае ўварванне ў Беларусь
Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны апублікавала дакумент, з якога вынікае, быццам Расія планавала паўнацэннае ваеннае ўварванне ў Беларусь у 2020 годзе.
У дакуменце гаворыцца пра шырокія вулічныя мірныя пратэсты ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Уварванне тлумачыцца задачай не дапусціць уцягвання Расіі "ў Еўрапейскім кантынентальным раёне ў рэгіянальную або шырокамаштабную вайну з краінамі — чальцамі NATO на Захадзе".
Варта адзначыць, што сам дакумент хутчэй нагадвае план нейкіх вайсковых вучэнняў. Да гэтага адсылае нават яго назва — "Легенда да задумы". Сапраўднасць дакумента праверыць не падаецца магчымым.
Раней Уладзімір Пуцін прызнаваў, што ў сумежныя з Беларуссю раёны ў 2020 годзе быў сцягнуты рэзерв Расгвардыі, каб дапамагчы беларускаму рэжыму. Якія канкрэтна часці меркавалася выкарыстаць — не паведамлялася. У дакуменце, які публікуе ўкраінская разведка, гаворка ідзе пра 1-ю танкавую армію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.