Украінская журналістка: магчыма, улада сама спрабуе сарваць Еўра-2012

 120430 BelazerskajaS_0.mp3

Даведка: Алена Белазерская - незалежная журналістка, блогерка, галоўная рэдактарка інфармацыйнага агенцтва “Поряд з вами”.


Еўрарадыё: У пятніцу прагрымеў выбух у Днепрапятроўску. Што думае грамадскасць наконт таго, што адбылося? 

 

Алена Белазерская: Думкі зараз на гэты конт самыя розныя, бо людзі ў разгубленасці і ў шоку. У нас гэта практычна першы тэракт з ахвярамі. Украіна – гэта такі аазіс спакою ў Еўропе. У нас нават не бывае масавых беспарадкаў у еўрапейскім разуменні, бо ў нас ніколі не палілі машыны, не білі вітрыны. Зразумела, што народ у шоку. І ўсё больш людзей пачынае думаць, што гэта арганізавана ўладамі для таго, каб адцягнуць увагу Еўропы, свету і ўласных грамадзянаў ад збіцця Юліі Цімашэнкі ў турме і ўвогуле ад рэпрэсій. Раней для гэтага выкарыстоўвалі іншыя метады: у нас прыдумвалі тэрарыстаў. Зараз у нас хлопцы з нацыяналістычнай арганізацыі сядзяць у СІЗА па сфабрыкаваным абвінавачанні ў тэрарызме. Іх абвінавацілі ў тым, што яны збіраліся падарваць помнік Леніну, падкінулі выбухоўку, ніхто нават не ведае, ці сапраўдная яна, падкінулі зброю. Вось яны сядзяць, мы змагаемся за тое, каб гэтая справа развалілася. Раней хацелі запалохаць народ выдуманымі тэрарыстамі, каб народ ашалеў ад жаху і дазволіў уладзе зрабіць хоць канцлагер з краіны, аргументуючы гэта высакароднай мэтай барацьбы з тэрарызмам. Але народ не спалохаўся, да таго ж, пачаліся масавыя незадаволенасці ў свеце ў сувязі з тым, што апазіцыя сядзіць, не толькі Юлія Цімашэнка, іншыя таксама сядзяць. Акрамя таго, пачаліся палітычныя рэпрэсіі. Я баюся, што гэта проста па загадзе ці па падказцы ўлады адбылося такое, каб запалохаць народ, каб даць нагоду для закручвання гаек. Бо зараз усе апазіцыянеры баяцца, што іх будуць пераследаваць, што гэтыя выбухі паспрабуюць “павесіць” на іх. Сур’ёзна баяцца. Ва ўсходняй Украіне ўжо пачалі дапытваць кіраўніцтва мясцовых апазіцыйных партый і арганізацый. Хоць яны зусім не радыкальныя, сваю палітычную дзейнасць вядуць цывілізаванымі метадамі і зразумела, што яны не могуць быць да гэтага датычнымі. Я баюся, што, можа быць, нават улада сама спрабуе сарваць Еўра-2012. Зараз Еўропа можа “зарубіць” Украіне Еўра-2012 з-за палітычных рэпрэсій. А ўлада хоча захаваць твар, каб гэта адбылося не з-за палітычных рэпрэсій, а з-за пагрозы тэрактаў. Або іншы варыянт – калі гэта не наша ўлада, то гэта расійская ўлада так нам “дапамагае” дэстабілізаваць Украіну. 

Еўрарадыё: Ці не пашкодзіць гэты тэракт уладам, калі Еўра-2012 ўсё ж адбудзецца, а заўзятары пабаяцца ехаць у небяспечнае месца?

 

Алена Белазерская: Паглядзім. Я ўсё ж думаю, што калі гэтыя тэракты не будуць мець працягу, то людзі не пабаяцца ехаць на Еўра-2012. Але гэта простыя людзі, заўзятары. А як на гэта адрэагуюць лідары еўрапейскіх краін – не ведаю. 

Еўрарадыё: Еўрапейскія лідары пачынаюць гаварыць пра байкот Еўра-2012, калі не будзе вызваленая Юлія Цімашэнка. Калі такі салідарны ціск еўрапейскіх палітыкаў будзе працягвацца, ці ёсць шанец на яе вызваленне? 

 

Алена Белазерская: Мне падаецца, што такі шанец ёсць, і тут усё будзе залежаць ад рашучасці еўрапейскіх палітыкаў. Еўропа і ўвогуле ўсе дэмакратычныя палітыкі – і еўрапейскія, і амерыканскія – яны ўсе вельмі запаволеныя, бо ім трэба кожнае сваё дзеянне, слова, заяву ўзгадняць са сваім народам, бо яны баяцца згубіць рэйтынг, галасы на выбарах. Апроч таго, яны вельмі ветлівыя. Яны спачатку намякаюць дыктатарам: паводзьце сябе пэўным чынам, не пераследуйце апазіцыю, не садзіце ў турмы нязгодных і сваіх палітычных апанентаў. А дыктатары звычайна хамы, і ці то яны не разумеюць гэтых ветлівых намёкаў, ці то робяць выгляд што не разумеюць. А потым іх пачынаюць бамбіць, і ўсе здзіўляюцца: чаму гэта раптам? То бок яны павольна запрагаюць, але хутка ездзяць. Я ведаю, што Украіну не будуць бамбіць, але патрэбныя санкцыі, і я думаю што санкцыі будуць. Вядома, хацелася б, каб гэта былі санкцыі не супраць нашай краіны, а толькі супраць Януковіча і яго каманды, напрыклад, каб ім замарозілі рахункі ў Еўропе. Калі ўсё гэта будзе рабіцца – а мне падаецца, што будзе – то яму давядзецца адпусціць і яе, і іншых апазіцыянераў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі