Украінскія грамадскія арганізацыі выступілі супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі

Мітынг супраць інтэграцыі / Еўрарадыё
Мітынг супраць інтэграцыі / Еўрарадыё

Украінская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства апублікавала афіцыйную заяву наконт магчымай інтэграцыі Беларусі і Расіі і выступіла на баку беларускай грамадзянскай супольнасці:

"Як прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Украіны, хочам выказаць падтрымку і салідарнасць грамадзянскай супольнасці Беларусі і ўсяму беларускаму народу ў іх намаганнях супрацьстаяць агрэсару і захаваць суверэнітэт Беларусі, — гаворыцца ў афіцыйнай заяве. — Мы падзяляем пазіцыю прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці і міжнароднай супольнасці аб непрызнанні саюзнай дамовы 1999 г. паміж РФ і Беларуссю, з улікам парушэння гэтай дамовай канстытуцый РФ і Беларусі, а таксама прымаючы пад увагу акупацыю Расіяй ўкраінскага Крыму".

Украінская нацыянальная платформа расцэньвае дзеянні Расіі ў дачыненні да Беларусі і ціск наконт "глыбокай інтэграцыі", як гібрыдную агрэсію ў рэгіёне і спробу падарваць суверэнітэт краін Усходняга партнёрства. А таксама пакінуць гэтыя краіны ў сферы свайго ўплыву.

На думку Кіруючага камітэта ўтойванне "дарожных карт" па інтэграцыі з'яўляецца пагрозай акупацыі Беларусі:

"Змест праектаў інтэграцыйных дакументаў і іншыя ўмовы патэнцыйнай інтэграцыі невядомыя грамадскасці, што можа паказваць на рэальную пагрозу будучай акупацыі Беларусі".

І падтрымліваюць заклік беларускай грамадскасці тэрмінова апублікаваць ўсе інтэграцыйныя карты, дакументы і праекты, "таемна прынятыя Пуціным і Лукашэнкам і іх адміністрацыямі, з мэтай правядзення міжнародных прававых экспертыз".

У выпадку, калі незалежныя экспертызы выявяць, што пункты пагадненняў і пратаколаў паміж Крамлём і Мінскам парушаюць міжнароднае права, суверэнітэт і Канстытуцыю Беларусі. Украінская нацыянальная платформа заяўляе, што будуць настойваць на прызнанні "саюзнай інтэграцыі" нелегітымнай:

"Мы звернемся да ўладаў Украіны, замежных дзяржаў, міжнародных органаў і арганізацый, каб яны прызналі юрыдычна нікчэмнымі "саюзныя дакументы" паміж Расіяй і Беларуссю".

Украінская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства — гэта сетка з больш за 130 грамадскіх арганізацый Украіны, створаная у 2011 г. Яна адстойвае ўкраінскія інтарэсы ў рамках Усходняга партнёрства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі