Уладальніцу атэлье затрымалі за мемы з чорным гумарам і пратэсты 2020-га

Прадпрымальніцу затрымалі за антываенныя мемы

Прадпрымальніцу затрымалі за антываенныя мемы / тг-канал сілавікоў

Сілавікі затрымалі ўладальніцу атэлье па рамонце адзення, паведамляе блізкі да іх канал. Яны заяўляюць, быццам прадпрымальніцу "здаў" раней затрыманы мужчына.

На відэа затрыманая жанчына кажа, што прымала ўдзел у акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе. Таксама яна заяўляе, што ў Instagram выкарыстоўвала "мемы з чорным гумарам, якія адносяцца да нашай улады і суседняй дзяржавы".

Па скрыншотах паказаных у відэароліку, можна зразумець, што высмейваліся расійскія вайскоўцы. На адным з малюнкаў бачны мужчына з галавой свінні ў вайсковай форме з літарай Z на грудзях.

Аўтары тг-канала пішуць, што за ўдзел у пратэстах прадпрымальніцы пагражае 5 гадоў пазбаўлення волі, "а ў дачыненні да яе мемаў з прыкметамі распальвання нацыянальнай варожасці праводзіцца дадатковая праверка". 

Пазней "Медыязона" паведаміла, што затрыманую завуць Святлана Дзеружкова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі