Уладальнік знака BELSAT: З-за польскага тэлеканала мы губляем кліентаў
Праваўладальнік таварнага знака BELSAT у Беларусі даў афіцыйным СМІ тлумачэнні, з-за чаго падаў заяву ў міліцыю на незалежны тэлеканал з такой самай назвай, зарэгістраваны ў Польшчы.
Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на праваўладальніка, імя якога пры гэтым не называецца, заяўка на рэгістрацыю таварнага знака BELSAT падавалася ў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці яшчэ ў 2001 годзе. У 2003 годзе было атрыманае адпаведнае пасведчанне. А ў 2012 годзе кампанія “Тэлевізія Польска” нечакана падала на яго ў Вярхоўны суд і прайграла.
Праваўладальнік запэўнівае, што таварны знак тэлеканала BELSAT падобны да ўжо зарэгістраванага ў Беларусі да ступені змяшэння.
Пасля той судовай справы праваўладальнік падаў у суд, але той працэс прайграў. Пасля нагляднай скаргі і яшчэ аднаго працэсу суд быў выйграны і цяпер беларуская кампанія стала адзіным праваўладальнікам знака на тэрыторыі нашай краіны. Польскі бок пры гэтым не выканаў рашэння суда.
Па словах неназванага прадпрымальніка, які фігуруе ў навінах дзяржаўнага агенцтва як праваўладальнік, акруговы суд Варшавы даслаў яму ліст з паведамленнем аб неабходнасці заплаціць пэўную суму за выкананне рашэння Вярхоўнага суда Беларусі, што бізнэсмен і зрабіў. Плёну гэта не прынесла.
“Тэлекампанія, якая так дбае пра датрыманне дэмакратыі і законных правоў, рашэнне суда праігнаравала і працягвае сістэматычна выкарыстоўваць на тэрыторыі Беларусі таварны знак, падобны да змяшэння з раней зарэгістраваным без згоды яго праваўладальніка”, — сказана ў інфармацыйным паведамленні.
Пры гэтым прадпрымальнік скардзіцца, што яго невялікае прадпрыемства па продажы і абслугоўванні спадарожнікавага, кабельнага абсталявання губляе кліентаў.
“Некаторыя асацыююць нас з польскай тэлекампаніяй і абмінаюць. Нехта блытае нас са СМІ і прыходзіць са сваімі скаргамі”, — сказаў бізнэсмен.
Гэтымі акалічнасцямі ён і тлумачыць свой зварот у міліцыю, пасля якога ў некалькі офісаў БЕЛСАТА ў Мінску прыйшлі з вобшукамі і вынеслі адтуль усю тэхніку. Канфіскацыю міліцыя тлумачыць правядзеннем неабходных працэсуальных дзеянняў паводле адміністратыўнай справы аб парушэнні аўтарскага права, сумежных правоў і права прамысловай уласнасці.