"Улады бачаць пагрозу, што можа прыйсці з Расіі", — Азараў пра кантроль на мяжы
Існуюць розныя версіі прычын увядзення кантролю на мяжы / Ілюстрацыйнае фота АР
Прадстаўнік па аднаўленні законнасці і правапарадку Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі, кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў пракаментаваў Радыё Свабода ўвядзенне РБ часовага кантролю на мяжы з Расіяй. Пра гэта стала вядома 5 траўня. Кантроль уведзены на ўезд у нашу краіну.
"Вы бачыце, што робіцца ў Расіі. Там кожны дзень нешта выбухае, дроны лятаюць над Краснай плошчай, — кажа Азараў. — Таму ўлады ў Беларусі спалохаліся, што тыя, хто робіць гэтыя акцыі ў Расіі, прыедуць у Беларусь. Таму і ўвялі гэты памежны кантроль. Яны бачаць пагрозу, што можа прыйсці з Расіі".
Заявы ж Аляксандра Лукашэнкі і сілавікоў, якія кажуць пра рост небяспекі на межах з Беларуссю, Аляксандр Азараў называе "стварэннем інфармацыйнага ворага", каб быць падрыхтаванымі да ўступлення ў вайну.
Палітолаг Павел Усаў мяркуе, што "з’яўленне КПП на мяжы Беларусі з Расіяй можа быць звязана з магчымымі мабілізацыйнымі мерапрыемствамі, якія могуць быць ініцыянаваны ў Расіі, ды і ў Беларусі". А тое, што кантроль на мяжы пачалі беларусы, можа быць "спробай Крамля не дапусціць несвоечасовай панікі, калі б Расія пачала зачыняць межы на выезд сама".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.