Улады Беларусі абмежавалі экспарт прадуктаў харчавання ў Расію
У цэху Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі / produkt.by
Беларускія ўлады забаранілі сямі буйным вытворцам мяса-малочнай прадукцыі экспартаваць у РФ курынае мяса, сталовыя яйкі і "малочку", піша "Коммерсант". Паводле звестак выдання, гаворка ідзе пра часовую меру. Яе ўвялі, каб утрымаць цэны на прадукты харчавання ўнутры краіны і не дапусціць пры гэтым дэфіцыту.
У распараджэнні "Коммерсанта" аказаўся ліст, у якім дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду беларускага Мінсельгасхарча паведамляе аб прыпыненні выдачы ветэрынарных сертыфікатаў на экспарт для шэрагу прадпрыемстваў. Ліст датаваны 5 кастрычніка. А 6 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў замарозіць цэны.
Экспартаваць прадукцыю не могуць "Сервалюкс Агра" (брэнд "Пятруха"), Віцебская бройлерная птушкафабрыка (брэнд "Ганна"), птушкафабрыка "Дружба", Баранавіцкая птушкафабрыка (яйкі пад маркай "Златка") і 1-я Мінская птушкафабрыка (таварны знак "Знатныя"). Сярод вытворцаў малочнай прадукцыі забарона на экспарт закранула Рагачоўскі і Лепельскі камбінаты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.