Уласную вакцыну ад каранавіруса ў Беларусі плануюць распрацаваць да восені

Масавую вакцынацыю ў Беларусі плануюць пачаць у красавіку / з архіва БЕЛТА​
Масавую вакцынацыю ў Беларусі плануюць пачаць у красавіку / з архіва БЕЛТА​

Атрымаць уласную вакцыну супраць каранавіруса ў Беларусі разлічваюць да восені, пра гэта заявіў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч на нарадзе з удзелам прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі.

"Вакцына будзе распрацаваная — у нас сумненняў у гэтым няма", — цытуе міністра прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Пры гэтым Піневіч адзначыў, што "стварэнне айчыннай вакцыны мае шэраг умоў". РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, якое займаецца распрацоўкай, ужо мае паспяховы вопыт стварэння вакцын, у прыватнасці, супраць шаленства, падкрэслілі ў Міністэрстве аховы здароўя. Але трэба яшчэ і ўдзел іншых "зацікаўленых калегаў", адзначыў кіраўнік ведамства.

Пры выкананні гэтай умовы, вакцыну плануюць распрацаваць да восені, а да канца года — атрымаць вопытна-прамысловую партыю.

У канцы мінулага года Аляксандр Лукашэнка неаднаразова казаў аб планах распрацаваць ўласную вакцыну. Паводле яго слоў, для гэтага патрэбныя "невялікія грошы" — каля 5 мільёнаў долараў. Але "нам акупіцца гэта, толькі трэба хутка рухацца ў гэтым кірунку", тлумачыў Лукашэнка.

У цяперашні час у Беларусі ад каронавіруса прышчапляюць расійскай вакцынай "Спутник V". Пакуль вакцынуюць медыкаў і педагогаў. Масавая вакцынацыя можа пачацца ў красавіку, анансаваў раней міністр Піневіч, — пасля таго, як беларускія "Белмедпрэпараты" асвояць прамысловы выпуск расійскай вакцыны. Пробная партыя была выпушчаная ў канцы лютага. Гэтыя ампулы з "Белмедпрэпаратаў" цяпер праходзяць экспертызу ў расійскім цэнтры Гамалеі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі