Лукашэнка працягвае рэкламаваць беларускую вакцыну ад каранавіруса за 5 млн
Аляксандр Лукашэнка працягвае рэкламаваць беларускую вакцыну ад каранавіруса, якой яшчэ няма. 15 снежня ён гаварыў пра яе падчас наведвання Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы. У панядзелак згадаў пра такія планы ў 4-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска: "Калі напрацоўкі нашых навукоўцаў акажуцца сур'ёзнымі, будзем займацца вытворчасцю ўласнай вакцыны".
У Магілёве Лукашэнка заявіў, што на стварэнне беларускай вакцыны можа спатрэбіцца каля 5 мільёнаў рублёў (гэта 1,9 млн долараў). "Там грошы, я паглядзеў, невялікія..., — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — І нам акупіцца гэта, толькі трэба хутка рухацца ў гэтым кірунку".
Лукашэнка нагадаў пра "тры шляхі": закупка вакцыны за мяжой для вакцынацыі "груп рызыкі", вытворчасць расійскай вакцыны ў Беларусі і стварэнне айчыннай вакцыны. Пытанне будзе абмяркоўвацца на нарадзе, якая адбудзецца ў хуткім часе.
"Перакананы, што мы ад гэтай заразы нікуды не падзенемся, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Яна застанецца з намі, як грып. Значыць, нам патрэбна будзе вакцына. Трэба распрацаваць сваю, спецыялісты ёсць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.