Урад вызначыў, колькі будуць каштаваць паслугі міліцыі на масавых мерапрыемствах
Беларускі ўрад вызначыў, колькі будуць каштаваць паслугі міліцыі па ахове грамадскага парадку падчас правядзення масавых мерапрыемстваў. Пастанова (№ 49 ад 24 студзеня) пачала дзейнічаць з 26 студзеня. Адзначаецца, што яе дзеянне распаўсюджваецца на тыя вулічныя акцыі, якія арганізуюць прафсаюзы, палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні і проста грамадзяне (за выключэннем акцый, якія фінансуюцца з дзяржбюджэту). Калі мясцовыя ўлады даюць дазвол, арганізатар не пазней за два дні да мерапрыемства мусіць заключыць дамовы па ахове грамадскага парадку, па медабслугоўванні і прыборцы тэрыторыі.
Кошт паслуг міліцыі залежыць ад колькасці ўдзельнікаў акцыі. Калі іх да 10 чалавек, давядзецца заплаціць 76,5 рубля (тры базавыя велічыні), калі да 100 чалавек — 637,5 (25 базавых), да 1000 чалавек — 3825 рублёў (150 базавых), больш за 1000 удзельнікаў акцыі — 6375 рублёў (250 базавых велічынь). У выпадку, калі масавае мерапрыемства дазволена па-за пастаянным месцам для яго правядзення, тады да прыведзеных вышэй коштаў выкарыстоўваецца павышаючы каэфіцыент 1,5.