Урокі французскай: чым міграцыйны крызіс у Ла-Маншы адрозніваецца ад беларускага
Як вырашаць міграцыйны крызіс, калі адносіны з суседзямі горш няма куды / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Ла-Манш стаў могілкамі. Надзіманая лодка з мігрантамі затанула ў праліве на мінулым тыдні. Загінулі больш за 30 чалавек — сярод іх дзеці і цяжарная жанчына.
Аляксандр Лукашэнка ў гутарцы з карэспандэнтам ВВС Стывенам Розэнбергам спасылаўся на гэты міграцыйны крызіс. Маўляў, паглядзіце, што ў вас у Ла-Маншы робіцца, перш чым вінаваціць Беларусь у арганізацыі нелегальнай міграцыі.
Ніхто не спрачаецца: у Ла-Маншы праўда міграцыйны крызіс. Мігранты імкнуцца трапіць у Брытанію, таму што лічаць, што там прасцей легалізавацца і атрымаць права на дапамогу, піша Коммерсант.
Сёлета трапіць з Францыі ў Вялікабрытанію праз праліў удалося 25 тысячам мігрантаў — у тры разы больш, чым летась. Гэта не значыць, што мігрантаў стала больш, гэта значыць, што іншыя шляхі для іх заблакавалі — і ім застаецца выбіраць самы небяспечны.
Але ні Лондан, ні Парыж не хоча, каб халодны Ла-Манш быў могілкамі. Раскажам, чаму можна навучыцца ў брытанцаў і французаў. Калі сапраўды не хочацца і далей ператвараць у могілкі халодны лес на беларуска-польскай мяжы.
Урок 1. Смерць — гэта трагедыя
Не статыстыка, не матэрыял для прапагандысцкага роліка — а трагедыя. Значыць, трэба не дапусціць яе паўтарэння — і знайсці вінаватых.
Надзіманая лодка з мігрантамі затанула ў Ла-Маншы 24 лістапада. На працягу найбліжэйшых дзён былі затрыманыя пяцёра падазраваных у арганізацыі незаконнай перавозкі людзей. Двое з іх ужо паўсталі перад судом. Крымінальная справа заведзеная па артыкуле "Забойства па неасцярожнасці з абцяжарвальнымі абставінамі", піша ВВС.
Вялікабрытанія і Францыя праводзяць сумесныя расследаванні. За год французы затрымалі на сваёй тэрыторыі каля 300 чалавек, якіх падазраюць у арганізацыі нелегальнай міграцыі. Лондан сёлета давёў да суда 65 спраў.
А цяпер урад і парламент Вялікабрытаніі плануюць зрабіць больш жорсткім пакаранне для арганізатараў нелегальнай міграцыі аж да пажыццёвага зняволення.
З пачатку міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы загінула ўжо больш за дзесяць чалавек. Але ў Беларусі па падазрэнні ў садзейнічанні нелегальнай міграцыі не затрымалі нікога. У трактоўцы беларускіх уладаў усё проста: "Яны прыйшлі, таму што іх паклікалі". Існаванне "мафіёзнай структуры", якая забяспечвае транзіт, Лукашэнка не адмаўляе. Але заяўляе, што беларусаў у ёй няма.
Урок 2. Ла-Манш на замку
З боку Вялікабрытаніі праліў патрулюе берагавая ахова. Францыя ж паабяцала накіраваць сачыць за акваторыяй рэзервістаў і дроны, а яшчэ мабілізаваць французскіх памежнікаў. Карацей, Ла-Манш на замку.
Вонкава ўсё выглядае зладжана, але Вялікабрытанія і Францыя перыядычна абменьваюцца папрокамі. Борыс Джонсан лічыць, што трэба "прыкрыць" паўднёвыя дзверы, праз якія мігранты заходзяць у Францыю. І крытыкуе Парыж за дрэнную працу.
Парыж абураны і прыводзіць статыстыку: сёлета ў цэлым па краіне эфектыўнасць перахопу мігрантаў вырасла.
Чаму вырашыць крызіс не ўдаецца гадамі? Таму што ўчастак берага, які трэба патруляваць французам, расцягнуўся на 200-300 кіламетраў. А для таго каб пасадзіць мігрантаў у лодку на любым участку гэтага шляху, трэба ўсяго дзесяць хвілін.
Урок 3. І што, Францыя адна павінна за гэта плаціць?
Так, Францыя гатовая плаціць, толькі б крызіс вырашыўся. Улады абяцаюць укласці 11 млн еўра ва ўдасканаленне сістэм маніторынгу паўночных берагоў. А для памежнікаў вылучаць 100 адзінак спецтранспарту, на якім яны будуць патруляваць пляжы.
Гэта як калі б Беларусь раптам усвядоміла, што недапрацоўвае на мяжы. І вылучыла дадатковы транспарт для памежнікаў, каб тыя паспявалі затрымліваць мігрантаў, якія ў самаволку ідуць у лес.
Чаму Францыя так сябе паводзіць? У яе што, такія добрыя адносіны з Брытаніяй? Калі на тое, адносіны паміж Лонданам і Парыжам горш няма куды. Францыя зусім нядаўна пагражала адключыць святло брытанскаму востраву Джэрсі, які атрымлівае электраэнергію з Францыі. Нічога не нагадвае?
Але наяўнага ўзроўню даверу Лондана да Парыжа дастаткова, каб Джонсан прапаноўваў Францыі грошы на ўдасканаленне сістэмы кантролю за акваторыяй Ла-Манша. Гаворка ідзе прыкладна пра 62 млн еўра.
Вось жа ў Польшчы вымушаныя разлічваць на памежную агароджу і збіраць грошы на яе. А што ім застаецца?
Урок 4. Французы таксама маюць сэрцы
Многія з мігрантаў, якія сёлета пабывалі ў беларуска-польскім лесе, гаварылі так: лепш памерці тут, чым вярнуцца дадому. Настолькі ж рашучымі былі заявы яшчэ ў 2018 годзе, у часе чарговага вітка крызісу ў Ла-Маншы. Адзін з затрыманых у часе пераходу праліва гаварыў так: "Лепш утапіцца ў моры, чым вяртацца ў Францыю".
Так што з узмацненнем мер бяспекі не ўсё проста. Абаронцы мігрантаў яшчэ ў 2018 годзе папярэджвалі: пільны кантроль за Ла-Маншам робіць падарожжа праз яго яшчэ больш небяспечным. Раней людзі спрабавалі нелегальна пранікаць на паромы, грузавікі і цягнікі. Калі гэта стала складаней, яны пераселі на лодкі.
Але французы таксама "маюць сэрцы". Толькі іх спачуванне адрозніваецца ад таго, якое дэманструюць на беларускай мяжы. Французская паліцыя імкнецца прадухіліць смяротна небяспечнае падарожжа мігрантаў. Напярэдадні трагедыі ў Ла-Маншы паліцэйскія перад самай адпраўкай знялі з лодак 671 мігранта.
Урок 5. Нават прыватны бізнес паводзіць сябе адказна
Разумеючы, што многія сваіх спробаў дасягнуць мэты не пакінуць, французскі спартыўны рытэйлер вырашыў сам паклапаціцца пра жыццё мігрантаў. І адмовіўся прадаваць каноэ на поўначы Францыі, каб пазбавіць іх усякай магчымасці адправіцца да Вялікабрытаніі ўплаў.
Растлумачылі проста: жыццё людзей у небяспецы. І нават калі яны хочуць рызыкаваць сабой у гэтым небяспечным падарожжы, зарабляць на гэтым нельга. Так што больш ніякіх вам лодак.
Праблему гэта, вядома, не вырашыла. Лодка, якая затанула на мінулым тыдні ў Ла-Маншы, была прададзеная ў Германіі. Але па меншай меры адзін рытэйлер ведае, што ён не атрымліваў прыбытак ад гэтай трагедыі.
Асабліва прадпрымальным беларускім таксістам рэкамендуем узяць на заметку.
Урок 6. Усе міграцыйныя крызісы падобныя адзін да аднаго
Чаму гэтыя ўрокі прыдатныя для Беларусі? Таму што, рукатворныя або не, міграцыйныя крызісы падобныя. Рана ці позна бок, які прымае, кажа — забірайце сваіх мігрантаў, сітуацыя надзвычайная, міжнароднае права тут не працуе. Як зрабіла Польшча. Там парламент у абыход міжнароднага права дазволіў адмаўляць у атрыманні прыстанішча мігрантам, якія прыбылі ў краіну нелегальна.
Вось і Борыс Джонсан зрабіў нешта падобнае. У адкрытым лісце ён заклікаў французскага калегу Эмануэля Макрона фактычна забіраць назад усіх мігрантаў, якія нелегальна перасеклі Ла-Манш. На думку прэм'ера, гэта "значна скароціць, калі не спыніць, колькасць перасячэнняў, фундаментальна парушаючы бізнес-мадэлі злачынных груповак".
У Францыі гэты ліст сам па сабе і асабліва факт яго апублікавання выклікаў такое абурэнне, што кіраўнік МУС адмовіўся ад запланаванай сустрэчы з брытанскім калегам. Сам Макрон абышоўся без эпісталярнага жанру. Ён заявіў:
Я здзіўлены такімі несур'ёзнымі метадамі. Лідары краін па такіх тэмах маюць зносіны не з дапамогай твітаў і адкрытых лістоў. Над рашэннем сур'ёзных пытанняў павінны працаваць сур'ёзныя людзі.
Але Макрон, вядома, драматызуе. Вось калі для зносін давядзецца прыцягваць не твітар, а Ангелу Меркель — тады можна будзе гаварыць пра сур'ёзнасць сітуацыі! А пакуль бакам удаецца дыпламатыя, хоць яны і не перастаюць абвінавачваць адзін аднаго. Маўляў, суседзі выкарыстоўваюць крызіс як баксёрскую грушу ва ўнутрыпалітычнай барацьбе.
Меркаванне праваабаронцаў
Нават калі палітыкі імкнуцца рабіць правільна, у іх гэта не заўсёды атрымліваецца. Тады на дапамогу прыходзяць праваабаронцы. І тлумачаць урадам, што яны зрабілі не так. І на думку праваабаронцаў, яны зрабілі не так практычна ўсё.
Вось што арганізацыя Human Rights Watch думае пра прычыны нядаўняй трагедыі ў праліве Ла-Манш. Па-першае, урады абедзвюх краін абвінавачваюць кантрабандыстаў і не заўважаюць сваёй віны ў гібелі людзей. Бо некаторыя з мігрантаў — уцекачы, іх трэба падтрымаць, а не штурхаць іх на небяспечны пераход. Гэта значыць, Вялікабрытанія павінна даць мігрантам легальную магчымасць трапіць у краіну і падаць прашэнне аб прыстанішчы або ўз'яднанні з сямейнікамі.
Па-другое, арганізацыя лічыць, што часткова крыніцай праблемы сталі патрабаванні ЕС, якія абавязваюць мігрантаў шукаць абарону ў першай краіне Еўрасаюза, у якую яны трапляюць. Мігранты сутыкаюцца з жудаснымі ўмовамі жыцця ў перапоўненых лагерах і спрабуюць пакінуць іх.
І галоўнае — ураду Вялікабрытаніі варта адмовіцца ад ідэі адпраўляць лодкі з мігрантамі назад у Францыю. Гэта паставіць пад пагрозу жыццё людзей. Рэзюмэ праваабаронцаў: абодва ўрады павінны зрабіць так, каб падобныя трагедыі ніколі не паўтарыліся.
Што раяць праваабаронцы Human Rights Watch для вырашэння праблемы на беларуска-польскай мяжы? У пэўным сэнсе парады падобныя.
"Польшчы трэба спыніць незаконныя выштурхоўванні мігрантаў у Беларусь, дзе яны сутыкнуцца з бесчалавечным і зневажальным для годнасці абыходжаннем, і замест гэтага даць ім доступ да сваёй працэдуры атрымання прыстанішча і годных умоў прыёму.
Са свайго боку, Беларусь павінна неадкладна спыніць злоўжыванні ў дачыненні да мігрантаў, аблегчыць гуманітарны доступ да тых, хто знаходзіцца на мяжы, і дазволіць тым, хто жадае пакінуць памежную зону і вярнуцца дадому, зрабіць гэта".
Для тых, хто ўсё прапусціў
Еўропа сутыкнулася з міграцыйным крызісам у 2013 годзе, калі мільёны ўцекачоў з Блізкага Усходу адправіліся шукаць прыстанішча ў бяспечных краінах. Частка з іх асядала на кантыненце, іншая старалася прабрацца ў Вялікабрытанію.
Часцей за ўсё ўцекачы выкарыстоўвалі балканскі і міжземнаморскі маршруты. У 2021 годзе да іх дадаўся і беларускі. Улады афіцыйна заяўлялі, што ў краіне знаходзіцца 9000 мігрантаў.
З пачатку года ў Польшчы затрымалі каля 2,7 тысячы нерэгулярных мігрантаў. Гэта ў 25 разоў больш, чым год таму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.