Усе mp3-прэм'еры мінулага тыдня: v_e_g_e_t_a_b_l_e_s, HURMA, NAVI і іншае

Ад гэтага моманту Еўрарадыё штотыдзень збірае для вас беларускія mp3-прэм'еры. Сачыць за імі, вышукваючы па сацыяльных сетках і на музычных рэсурсах, не вельмі зручна. І заўжды ёсць небяспека што-небудзь прапусціць. А тут — калі ласка, усё ў адным артыкуле.

NAVI — "Абдымі мяне" (песня)

Ксенія Жук, вядомая па праекце Sonika, разам з гітарыстам гурта Tim Erna Арцёмам Лук'яненкам аб'ядналіся ў дуэт NAVI і прэзентавалі на тыдні свае першыя песні. "Абдымі мяне" — пяшчотная і мілагучная песня пра шчаслівае каханне. Ды і хіба могуць гэтыя сонечныя музыкі запісаць што-небудзь іншае?

HURMA — "Амазонка" (песня)

Павольную баладу пра каханне "Амазонка" прэзентаваў на тыдні гурт HURMA. Гэта лёгкі і цёплы рок-мядляк з класічным гітарным сола.

v_e_g_e_t_a_b_l_e_s — "рэха" (песня)

Першую ў кар'еры беларускамоўную песню — "рэха"  выклаў на мінулым тыдні мінскі электронны праект  v_e_g_e_t_a_b_l_e_s. Па словах басіста і клавішніка гурта Лёшы Эльніньё, калі музыкі прыйшлі ў студыю, яны не ведалі, што будзе спяваць вакалістка Света Варапай. А яна пачала спяваць па-беларуску. Усім спадабалася!

The Repost — "С Тобою" (песня)

Гомелькі гурт The Repost выдаў баладу "С Тобою". Такім чынам, у сталіцы Палесся робяць не толькі метал, але і поп-рок! Песня павольная, прыгожая і... пра каханне. З музычных асацыяцый на The Repost — украінскі гурт "Бумбокс" з падвоеным фанкавым складнікам.

Nebulae Come Sweet і Difleger — "Nebulae Come Sweet & Difleger Split" (сумесны альбом)

Хто б мог падумаць, што суровыя металісты здольныя не толькі сябраваць гуртамі, але і працаваць разам! Дзве мінскія post-metal каманды: Nebulae Come Sweet і Difleger — выпусцілі сумесны рэліз: "Nebulae Come Sweet & Difleger Split". Гэта пяць меладычных сумных (і, часам, крыху страшнаватых) песень, рэкамендаваных аматарам жанра.

Šmiercieslaŭ — "Cjomny Pryliŭ Razburennja" (альбом)

Яшчэ адзін гомельскі гурт — Šmiercieslaŭ — усё ж нагадвае нам, хто ёсць хто ў Беларусі. Альбом "Cjomny Pryliŭ Razburennja" — гэта бескампрамісны Black/Thrash Metal. Аматарам цяжкай музыкі — да абавязковага праслухоўвання, усім цікаўным — да азнаямлення. Ну, а людзям са слабай псіхікай лепш працягваць слухаць Моцарта і The Beatles ))

Альбом "Cjomny Pryliŭ Razburennja" слухайце тут.

На 24 чэрвеня гэта ўсё! Працяг з наступнымі беларускімі mp3-прэм’ерамі — 1 ліпеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі