Усходазнаўца: Для Лукашэнкі лівійская гісторыя была вялікім шокам

111020 BogdanS.mp3

Сяргей Богдан: Смерць Каддафі ўжо амаль ні на што не паўплывае. Хутчэй гэта такая сімвалічная кропка, у прыватнасці сімвалічная ў тым, наколькі крывавай атрымалася развязка лівійскай рэвалюцыі. Яна акурат і паказвае, што лёгкіх рашэнняў для Лівіі ў бліжэйшы час не прадбачыцца.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, ці спыняцца ўзброеныя напады?

Сяргей Богдан: Я не думаю, што будзе нейкая грамадзянская вайна або маштабныя ўзброеныя супрацьстаянні. Хаця, безумоўна, стабільнасці не будзе яшчэ доўга. На жаль пакуль няма ніякіх падставаў спадзявацца на тое, што часоваму ўраду ўдасца ў хуткім часе разбудаваць дзяржаўную сістэму і прыступіць да будаўніцтва нейкай зусім іншай дзяржавы, чым тая, што існавала. Праблема ў тым, што пераняць старыя структуры, якія былі пры Каддафі, не могуць, бо гэта была занадта спецыфічная дзяржава. То бок, старыя структуры ў прынцыпе немагчыма далей выкарыстоўваць, а альтэрнатывы з-за  рэпрэсій таксама няма. Як у кожнай краіне, якая перажыла доўгую дыктатуру. Як сказаў Уінстан Чэрчыль – дыктатары і тыраны ніколі не пакідаюць краіну ў добрым стане.

Еўрарадыё: Лівія была дзяржавай аднаго чалавека. Ці ў стане яна будзе трансфармавацца і захаваць сваю дзяржаўнасць?

Сяргей Богдан: Безумоўна, Лівія будзе трансфармавацца і шансы яе не такія і маленькія. Краіна мае пэўныя грошы дзякуючы прыродным багаццям. З аднаго боку, гэта добры падмурак, а з другога – вялікая складанасць. Занадта часта краіны, што маюць такое багацце, заканчваюць тым, што становяцца недэмакратычнымі. Лівія, якая толькі выйшла з тыраніі, вельмі моцна рызыкуе. Але ёсць станоўчы момант, што Еўразвяз, еўрапейскія краіны моцна зацікаўленыя ў больш прымальным варыянце дзяржаўнага ўладкавання ў Лівіі, чым той, які быў. І гэта павялічвае шансы. Справа ў тым, што пэўныя структурныя рамкі супрацоўніцтва з Еўропай могуць дапамагчы краінам паўночнай Афрыкі гэтаксама як яны некалі дапамаглі некаторым краінам усходняй Еўропы выходзіць з камуністычнай дыктатуры. Хоць можа гэта і не зусім карэктны прыклад. Лівійская нафта будзе спрыяць тыраніі, але з другога боку штосьці залежыць і ад тых, хто набудзе гэтую нафту. Той, хто набывае, таксама мае пэўны ўплыў на таго, хто прадае.

Еўрарадыё: А як будуць развівацца адносіны паміж Лівіяй і ЗША? Ці здолеюць ЗША ўмацавацца ў Лівіі?

Сяргей Богдан: Я думаю, што гэта больш партыкулярныя інтарэсы. Але па вялікім рахунку ні Еўразвяз ні ЗША не хацелі б мець мадэль хоць крыху падобную да таго, што было ў Лівіі. З іншага боку яны не хацелі б атрымаць там і занадта вялікую дамінацыю рэлігійных сілаў. Еўропа і ЗША схіляюцца да больш дэмакратычнай формы кіравання, хаця і разумеюць, што ў самы бліжэйшы час усталяваць яе ў Лівіі не ўдасца. Яны могуць мець разыходжанні па пытаннях нафты, напрыклад, але ў пытанні таго, у які бок разбудоўваць Лівійскую дзяржаву яны будуць працаваць у адным напрамку. Таму я думаю што ў лівійцаў ёсць шанец пачаць будаваць больш дэмакратычную дзяржаву.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, наколькі патрэбным было гэтае сімвалічнае забойства Муамара Кадафі? Можа лепш было б узяць яго ў палон і судзіць?

Сяргей Богдан: З пункту гледжання еўрапейцаў гэта забойства выглядае мала лагічным і нават бесчалавечным. Але ў палітыцы ёсць такія рэчы, часам калі эмоцый зашмат - ставяць крывавую кропку. Урэшце рэшт Бен Ладана таксама можна было пакінуць у жывых. У Лівіі ніхто асабліва супраць гэтага пратэставаць не будзе, хаця з пункту гледжання еўрапейца гэта непатрэбная кроў. Але якая палітычная культура, такія і метады.

Еўрарадыё: Наколькі верагодна, што такое вырашэнне канфлікту прымусіць Аляксандра Лукашэнку перагледзець свае метады кіравання?

Сяргей Богдан: Я думаю, што для Аляксандра Лукашэнкі лівійская гісторыя была вялікім шокам, бо ён некалькі разоў хваліўся тым, што нас Расія і Кітай бяруць пад крыло і абараняюць. А Лівію не абаранілі, хаця Лівія і для Расіі і для Кітая значыць прынамсі не менш, чым Беларусь. Па тым як афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі асвятлялі падзеі ў Лівіі, адчувалася, што людзі сапраўды былі ў шоку. Але разам з тым не трэба перабольшваць сяброўства паміж Лукашэнка і Каддафі. Яны былі занадта розныя людзі і я не думаю, што гэта былі сапраўды больш-менш сяброўскія адносіны, у адрозненні, скажам, ад Чавеса. Кадафі быў занадта апантаны чалавек і апантаны не ў той бок, які быў бы зразумелы Аляксандру Лукашэнку. Для Лукашэнкі Каддафі быў занадта іншапланетным. Таму шок быў тады, калі пачаліся падзеі. Наўрад ці кіраўнік Беларусі так ужо атаясамлівае сябе з гэтым рэгіёнам. Беларусь – хоць і ўсходняя, але ж Еўропа. Я не магу сабе ўявіць, каб штосьці падобнае магло адбывацца ў Беларусі. Думаю, Аляксандр Лукашэнка таксама не можа сабе гэтага ўявіць.

Еўрарадыё: Муамар Кадафі з’яўляўся ганаровым прафесарам адной з беларускіх вышэйшых навучальных установаў. Што чакаць зараз? Зьявяцца помнікі Муамару Кадафі?

Сяргей Богдан: Не. Справа ў тым, што беларускі рэжым вельмі апартуністычны. Увесь гэты час, пакуль беларускія газеты пісалі пра тое, які жах адбываецца ў Лівіі, адначасова на тых жа старонках пісалі і пра тое, якія добрыя ў нас сябры з Катару. Пры тым, што Катар - гэта краіна, якая фактычна і стаяла за фінансавым спрыяннем паўстанцам. Уявіць сабе штосьці больш шызафрэнічнае ў прынцыпе складана. Беларускі рэжым ідэалагічнай перадузятасцю не адрозніваецца, нягледзячы на ўсе свае гучныя дэкларацыі. Мы маем вельмі шмат прыкладаў таго, што беларускі рэжым не настолькі ўжо і прывязаны да сваіх сяброў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі