Усіх свіней ліквідуюць яшчэ ў чатырох раёнах Беларусі
31 ліпеня ўлады пашырылі зону барацьбы з афрыканскай чумой свіней у Беларусі.
Да 40-кіламетровай зоны, вызначанай пасля ўспышкі АЧС у вёсцы Чапунь Івейскага раёна, дадалася тэрыторыя Ляхавіцкага раёна. Як піша tut.by, гэты раён абвешчаны першай пагражальнай зонай па афрыканскай чуме свіней. А так званай буфернай зонай па свіной чуме сталі Баранавіцкі, Івацэвіцкі і Пружанскі раёны.
31 ліпеня ў Баранавіцкім і Ляхавіцкім райвыканкамах прайшлі нарады па ўсталяванні прафілактычнай зоны. Вырашана, што прадстаўнікі мясцовых уладаў будуць выязджаць на месцы ды інфармаваць людзей пра неабходнасць забіваць свіней на асабістых падворках.
У Івацэвіцкім і Пружанскім райвыканкаме кажуць, што ў раёне забаронена ўтрыманне свіней на падворках.
У вёсках Баранавіцкага раёна з'явіліся аб’явы, што раён аб’яўлены буфернай зонай, таму неабходна забіць усіх свіней на падворках да 4 жніўня. А ў выпадку невыканання "будзе накладзены штраф і забранае пагалоўе для ўтылізацыі".
Фота — gazeta.a42.ru