Усталёўваць кандыцыянеры няма як, бо… архітэктар звольніўся!
У адміністрацыі Савецкага раёна Мінска складана ўзгадніць усталёўку кандыцыянераў па новых правілах, бо няма спецыялістаў.
Мінчанка Алена ўсталёўвала кандыцыянер па ўсіх правілах. Тыдзень дзяўчына збірае, як патрабуе закон, дакументы, узгадняе іх ў мясцовых органах. Напрыканцы папяровага квэста яе на прыём запрашае галоўны архітэктар Кастрычніцкага раёна сталіцы і асабіста… адмаўляе.
“Знаёмыя раілі зрабіць гэта незаконна, але я хацела па правілах. Кандыцыянер каштуе 800 долараў, гэта не тыя грошы, якія можна на вецер пусціць, калі скажуць дэмантаваць. Навошта, мне давалі надзею, я свой час так марнавала?”
Дзяўчына заўважае, што чыноўнікі, напэўна, часцей адмаўляюць ва ўсталёўцы кандыцыянераў, чым дазваляюць.
У прыватнай фірме “Будолтэкс”, дзе кандыцыянеры ўсталёўваюць па правілах, з Аленай згодныя: атрымаць дазвол ад адміністрацыі нялёгка. Акрамя пакета дакументаў, у тым ліку, пісьмовай згоды паўналетніх членаў сям’і на ўстаноўку, патрэбны праект і згода адміністрацыі мясцовага выканкама.
“Насамрэч, вы можаце ўсяго гэтага не рабіць. Напрыклад, у Савецкім раёне Мінска мы проста рэкамендуем людзям усталёўваць кандыцыянеры без дакументаў, бо адміністрацыя не ўзгадняе такія праекты. Такі там цудоўны архітэктар сядзіць”, — уздыхае супрацоўніца фірмы і называе кошт паслуг – 200 долараў, плюс кошт праекта — 900 тысяч рублёў.
Як даведалася Еўрарадыё, у Савецкім раёне і сапраўды праблема ўзгадніць устаноўку кандыцыянераў ды спадарожнікавых талерак! Галоўны архітэктар разам з вядучым спецыялістам звольніліся яшчэ два месяцы таму, намеснік галоўнага архітэктара — у адпачынку, два спецыялісты, якія засталіся, напэўна, так заваленыя працай, што на працягу гадзіны не могуць ўзяць слухаўку.
Яшчэ адна прыватная фірма прапаноўвае ўзгадніць мой праект на кандыцыянер за… дадатковае ўзнагароджанне.
“Так самі вы можаце і год хадзіць, а мы ведаем, у якія кабінеты заходзіць”.
Еўрарадыё: Дык я так разумею, ўзгадненне бясплатнае…
“Вядома, афіцыйна ўсё ўзгадненне бясплатнае. Але наша “дапамога” будзе каштаваць нейкіх грошай. Усё асабіста. Мы складзем дакумент пісьменна, дапаможам вам яго ўзгадніць, занясем у патрэбны кабінет”.
У Аддзеле архітэктуры і горадабудаўніцтва Фрунзенскага раёна Мінска кажуць, што такіх ўзгадняльнікаў ведаюць у твар.
“Яны ўсе тут штодзень у чарзе да галоўнага архітэктара. Усе па-рознаму бяруць за гэту паслугу — я ведаю, што нехта і па 1,5 тысячы долараў браў”, — кажуць у аддзеле.
Дарэчы, чыноўнікі Фрунзенскага раёна пастанову Саўміна падтрымліваюць на ўра! Маўляў, дагэтуль атрымлівалі скаргі ад жыхароў раёна, дзе кандыцыянеры ўсталяваныя самавольна: суседзі нібыта скардзіліся на сырасць у кватэрах.