Уступкі і забароны. Пра што дамовіліся Мінск і Масква цягам апошніх дзён?
У Магілёве праходзіць пяты Форум рэгіёнаў, на які прыехалі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Расійскія і беларускія ўрады вырашылі прымеркаваць да яго абмен саступкамі, забаронамі і дазволамі.
Выключна сімвалічная ўступка была з боку Аляксандра Лукашэнкі, які заявіў, што Магілёў горад не толькі беларускі, але і рускі. Пацешыў эга прыезджых з усходу гасцей. Хаця некалькі дзён таму на сустрэчы с паслом Расіі Бабічам казаў, што Беларусь — незалежная суверэнная дзяржава.
Што ж тычыцца эканамічных перамоваў, то тут не ўсё так адназначна. Беларусь атрымала транш крэдыту ЕФСР і грошы за “ператаможку”. Але наперадзе маячыць падатковы манеўр у Расіі, суму страт Беларусі ад яго ацэньваюць у два мільярды долараў.
Беларусь атрымала грошы ад “ператаможкі” нафты
Учора Беларусь нарэшце атрымала 263 мільёны долараў ад Расіі за “ператаможку” нафты. Тыя цягнулі з выплатамі з ліпеня. Але ўчора нарэшце грошы былі пераведзеныя. Пра гэта распавёў намеснік прэм’ера Ігар Ляшэнка.
Забарона на пастаўку ў Беларусь розных нафтапрадуктаў з 1 лістапада
Гэта не адзінае, што тычылася нафты. Было падпісанае пагадненне, па якім з 1 лістапада 2018 года пачне дзейнічаць забарона на пастаўкі ў Беларусь цёмных нафтапрадуктаў, дызельнага паліва. Пры гэтым пагадненне захоўвае пастаўкі пэўных нафтапрадуктаў, якія не вырабляюцца ў Беларусі — гэта прадукцыя нафтахімічных заводаў. Пратакол прадугледжвае нязначныя аб'ёмы экспарту шэрагу кампанентаў бензіну, якія могуць быць выкарыстаныя ў нафтахіміі, таксама шырокай фракцыі лёгкіх вуглевадародаў, аліва, вазелін.
Расія павялічыць пастаўкі нафтапрадуктаў у 2019 годзе ў Беларусь на 10%
Беларусь дамовілася пра тое, што Расія павялічыць пастаўкі нафтапрадуктаў для беларускай нафтахімічнай прамысловасці на 10% у 2019 годзе. “Гэта дазваляе загрузіць магутнасці нашых прадпрыемстваў і вырабляць прадукцыю з неабходным тэмпам”, — заявіў намеснік прэм’ера Ігар Ляшэнка.
Беларусь атрымала шосты транш ад ЕФСР
263 мільёны не адзіныя грошы, якія Беларусь атрымала ад Расіі. Перад прылётам Пуціна быў нарэшце пераведзены шосты транш крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця ў памеры 200 мільёнаў долараў. Калі ўлічваць папярэднія траншы, то Беларусі прадастаўлена ўжо 1,8 мільярда долараў з агульнай сумы крэдыту ў 2 мільярды долараў. Крэдыт прадугледжаны на падтрыманне Праграмы рэформаў у Беларусі.
Пачнецца абмеркаванне кампенсацый з-за падатковага манеўру ў Расіі
З 1 лістапада пачнецца абмеркаванне кампенсацый для беларускай эканомікі з-за падатковага манеўру ў нафтавай галіне ў Расіі. Першая сустрэча плануецца на ўзроўні віцэ-прэм'ераў. Пасля завяршэння падатковага манеўру ў Расіі нафта будзе пастаўляцца ў Беларусь без кампенсацый. Суму страт ацэньваюць у два мільярды долараў. Расія кажа, што чакае прапаноў па суме кампенсацыі ад беларускага боку.
Знялі забарону на ўвоз прадукцыі з пяці беларускіх прадпрыемстваў
Рассельгаснагляд вырашыў зняць забарону на ўвоз прадукцыі яшчэ пяці беларускіх прадпрыемстваў. Адмене забароны папярэднічалі перамовы прадстаўнікоў Рассельгаснагляду з намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, дырэктарам Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Іванам Смільгінем.
Падпісаныя новыя балансы паставак мяса-малочнай прадукцыі ў Расію
Міністэрствы сельскай гаспадаркі дзвюх краін дамовіліся, што Беларусь у 2019 годзе наросціць пастаўкі мяса-малочнай прадукцыі ў Расію. Так, аб'ём экспарту мясной прадукцыі плануецца павялічыць да 320 тысяч тон, што на 11% больш адносна 2018 года, а малочнай — да 3,7 мільёна тон (больш на 2,6%). Балансы аб пастаўках сельскагаспадарчай прадукцыі на наступны год падпісалі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц і намміністра сельскай гаспадаркі Расіі Іван Лебедзеў.
Расія пазычыць Беларусі грошай на выплату папярэдняга доўгу
У 2019 годзе будзе разгледжанае пытанне аб прадастаўленні расійскага крэдыту Беларусі на рэфінансаванне раней выдадзенай пазыкі на 630 мільёнаў долараў.
Паводле слоў міністра фінансаў РФ Антона Сілуанава, беларусы прасілі у Расіі 1 млрд долараў, аднак Масква дасць грошай толькі на рэфінансаванне сваіх крэдытаў.