"Усё роўна будуць страты": чаму Расія не выратуе эканоміку Беларусі
Палітыка Лукашэнкі вядзе да ўсё большых праблем для эканомікі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Дэфолт у Беларусі будзе трохі адтэрмінаваны, а нафтаперапрацоўка зможа існаваць хоць бы з мінімальнай рэнтабельнасцю. Гэта магчыма праз "беспрэцэдэнтную" дапамогу з боку Расіі.
Беларусь і Расія дамовіліся, што Беларусь будзе плаціць па крэдытах у расійскіх рублях, разлікі за пастаўкі энерганосьбітаў будуць адвязаныя ад долара, а даўгі Беларусі рэструктурызуюць і дадуць па іх растэрміноўку. Яшчэ з'явіцца новая формула кошту нафты: магчыма, сыравіна патаннее.
Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, чаму прэферэнцыі, якія беларускія ўлады спрабавалі займець гадамі, не выратуюць беларускую эканоміку.
У добрыя часы пра такое прасіць было сорамна
Пакуль не вядомыя падрабязнасці планаў падтрымкі. Не агучаны ні графік рэструктурызацыі даўгоў, ні тое, ці будуць адтэрміноўкі па выплаце адсоткаў або асноўнага доўгу.
— Для перспектыў таго, ці будуць улады плаціць па даўгах, рэструктурызацыя — адна з ключавых рэчаў, — кажа старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук. — Што да пагашэння ў расійскіх рублях, гэта паслабленне, пра якое ў добрыя часы было нават крыху сорамна заяўляць уголас. Рэалістычнасць таго, што рускія пагодзяцца на такую опцыю, імкнулася да нуля.
Зарабіць расійскія рублі нашмат прасцей, чым долары ці еўра. Бо вялікая частка валютнай выручкі ад знешняга гандлю будзе паступаць менавіта ў расійскіх рублях. Значыць, залазіць у ЗВР для пагашэння даўгоў давядзецца значна менш.
— І скачкі абменнага курса ў адносінах да расійскага рубля будуць значна меншыя. Таму з пункту гледжання нагрузкі на бюджэт па суме плацяжоў — гэта значная рэч. Каб разумець велічыню эфекту, трэба ведаць, які абменны курс будзе закладвацца для абавязацельстваў, якія раней былі ў доларах. Гэта будзе проста бягучы абменны курс альбо нейкі фіксаваны механізм? Адказу пакуль няма.
Магчымасць дэфолту ніжэйшая, але лепш эканоміцы не стала
Калі не з'явіцца дадатковых абмежаванняў у дачыненні да ЗВР Беларусі, то расійская падтрымка зніжае перспектывы дэфолту ў Беларусі ў 2022 годзе, мяркуе эканаміст.
— Але ўсё роўна застаюся пры меркаванні, што люты 2023 года будзе як мінімум вельмі цяжкім этапам для пагашэння знешняга доўгу.
У лютым 2023 года Беларусі трэба будзе выплаціць $800 млн па еўрааблігацыях. Гэта амаль дзясятая частка цяперашніх ЗВР Беларусі.
"Экспартныя меры падтрымкі" прадугледжваюць, што пастаўляць беларускія тавары на расійскі рынак будзе прасцей. Больш за ўсё гаварылася пра нафтапрадукты. Бо беларускія НПЗ засталіся без найбуйнейшага і вельмі выгаднага рынку збыту — украінскага. Еўропа таксама закрытая для паставак.
Чвэрць загрузкі Мазырскага НПЗ можа закрыць патрэбы Беларусі ў нафтапрадуктах, паведамляе Еўрарадыё крыніца на прадпрыемстве.
— Яшчэ вялікае пытанне, як спрацуе гэтае пашырэнне доступу на расійскі рынак. На словах часта ўсё гучыць прыгожа, а калі пагадненні ўвасабляюцца ў канкрэтныя механізмы, усё можа выглядаць значна менш прывабна, — працягвае Дзмітрый Крук. — Нават калі будуць максімальныя меры па пашырэнні доступу на рынак, трэба разумець, што расійскі рынак будзе вельмі істотна сціскацца.
Паколькі рынак сціскаецца, то нават павелічэнне беларускай долі на ім не прынясе росту гандлю.
— Не раз за апошнія 15-20 гадоў даводзілася чуць пераможныя рэляцыі, што мы дасягнулі жаданых цэн, але рэальнасць аказвалася іншай, — адзначае Дзмітрый Крук. — Калі гэтыя цэны будуць зніжаныя, гэта значная падтрымка, але яе роля сёння не такая вялікая.
Праз тое, што прадаваць нафтапрадукты ў Расію не атрымаецца гэтаксама выгадна, як ва Украіну ці Еўропу, зніжка на нафту ў лепшым выпадку дасць магчымасць беларускім НПЗ працаваць з мінімальнай рэнтабельнасцю.
— Па цане на газ таксама адносна важна. Гэта сур'ёзная перавага, але ў нас цана і так была нізкая. Не думаю, што дадатковая зніжка, калі яна будзе, стане сур'ёзнай. Можа, яшчэ на 5-7% скінуць. Карысна, але, калі вы адрэзаныя ад усяго свету, давядзецца канкураваць на расійскім рынку.
Гэта маленькі ўклад у канкурэнтаздольнасць на расійскім рынку. Усё роўна па многіх параметрах расійскія кампаніі будуць адчуваць сябе лепш.
Былы намеснік старшыні Цэнтрабанка Расіі Сяргей Аляксашанка таксама лічыць, што меры падтрымкі не моцна ўплываюць на становішча Беларусі.
— Гэта не ёсць вельмі буйная падзея. Беларусь фактычна акупаваная Расіяй, а доля рубля ў гандлі паміж краінамі ўжо даўно вышэйшая за 60%, — кажа на заканчэнне эксперт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.