Узровень жыцця беларусаў падняўся, але заўважылі гэта не ўсе
Цяпер мы жывем гэтак жа добра, як да дэвальвацыі 2009 года — у гэтым упэўнены Белстат. Мінчукі на вуліцах спрачаюцца.
Кожная пятая гаспадарка станоўча ацэньвае змены ў сваім дабрабыце ў 2013 годзе, пагаршэнне адчуваюць 18%. Больш за палову не заўважаюць, каб нешта змянілася.
“Калі казаць пра малазабяспечанасць: у 2009 годзе такіх гаспадарак 5,4%, у 2013-м — 5,5%. У 2011 годзе мы адзначалі рост беднасці, цяпер ён зніжаецца. Чатыры гады таму на харчаванне выходзіла каля 40% даходу, цяпер — 39,9%. Можна сказаць, што мы дасягнулі ўзроўню жыцця 2009 года. Можна сказаць, што ўсё роўна паляпшаецца жыццё”, — разважае начальнік Упраўлення статыстыкі ўзроўню жыцця насельніцтва і даследавання хатніх гаспадарак Іна Канашонак.
Рэспаднэнты (40%) звязваюць пагаршэнне становішча з ростам коштаў. А вось паляпшэнню становішча садзейнічаў рост заробкаў (пра гэта кажуць амаль 37% апытаных), змена месца працы ці пасады (13%), павелічэнне пенсій і выплат (19%).
Цікава, што ў лютым 2009 года беларусы зараблялі толькі 322 долары, сённяшні сярэдні заробак вышэйшы — 555 долараў!
Цікава, што Белстат прааналізаваў і спадзяванні беларусаў наконт свайго дабрабыту ў 2014 годзе.
Кожная дзясятая гаспадарка, разважаючы пра спадзяванні на 2014 год, задумваецца пра магчымае пагаршэнне жыцця. Але аптымістаў больш!
“Кожная чацвёртая праяўляе сацыяльны аптымізм і лічыць, што іх стан ў наступным годзе палепшыцца”.
На вуліцы на пытанне Еўрарадыё, калі вы адчулі, што стала жыць лепей, мінчукі адказваць не надта і хочуць. Адразу ж пярэчаць.
“Для мяне гэта балючае пытанне, — кажа Еўрарадыё музыка Аксана. — Я маці дваіх дзетак, з мужам у разводзе. Заробак — два мільёны. Як я выжываю? Не пытайцеся. Заўважаю рост коштаў на прадукты ды камуналку, бо толькі на гэта і хапае грошай. Зрэдку магу наведаць цырульню, там таксама кошты растуць”.
Пра камуналку кажуць пяцёра з дзесяці чалавек на вуліцы: часцей за ўсё рост тарыфаў на камунальныя паслугі мінчукі характарызуюць як “нешта катастрафічнае, асабліва ў апошнія два месяцы”.
Еўрарадыё знаходзіць на вуліцы і тых, чый дабрабыт вырас, бо яны працуюць, а “рост коштаў і не заўважаюць”.
“Мяса ляжыць, яго ніхто не купляе, а яно ў коштах расце! Дык я б закрываў такія галіны, якія так растуць у коштах, а гэтага ніхто не купляе”, — пенсіянер Аляксандр дзякуе за тое, што яго заўважылі, бо сумна аднаму на лаўцы.
А вось бухгалтарка Алена з Брэста кажа, што даўно не верыць афіцыйным лічбам: бо ні разу з жыццём не супалі.
“Я сама працавала ў дзяржустанове і мы складалі такія адказы для статыстыкі па заробках. Нам потым тэлефанавалі, і мы перараблялі справаздачы. Якое павысілася: мой муж працуе два гады на адным месцы, і за год яго заробак зменшыўся на мільён! А вы кажаце дабрабыт”.