"Узяў пад паху і пайшоў на электрычку": у беларуса ў Варшаве скралі сабаку
Фота носіць ілюстрацыйны характар
Днямі ў беларуса Аляксандра ў Варшаве скралі сабаку. Мужчына, як звычайна, прывязаў Джэка ля ўваходу ў гандлёвы цэнтр і пайшоў за пакупкамі. Вярнуўшыся, хатняга гадаванца на месцы не знайшоў.
"Месца было люднае: побач знаходзіўся інфармацыйны цэнтр, кавярні і ахоўнікі. Усё кантралявалася камерамі. Мы нават падумаць не маглі, што сабаку могуць скрасці. Хтосьці крытыкуе нас за тое, што пакінулі сабаку на прывязі, але мы заўсёды так рабілі, і раней праблем не было", — распавёў Аляксандр выданню MOST.
Пачаліся пошукі. Аляксандр звярнуўся да ахоўнікаў цэнтра, каб тыя паглядзелі камеры, і выклікаў паліцыю. На камерах было бачна, як незнаёмы мужчына адвязвае сабаку, бярэ пад паху і забірае з сабой. Далей атрымалася прасачыць, як незнаёмец ідзе ў бок пераходу, дзе сустракаецца з жанчынай і двума дзецьмі. Усе разам яны сядаюць у электрычку.
Рэакцыя паліцыі на інцыдэнт падалася Аляксандру дзіўнай:
"Паліцыя не мела праграмы, якая дазваляе ідэнтыфікаваць чалавека па фота. На відэа выразна было відаць твар, але паліцэйскія не змаглі вызначыць асобу. Мне здавалася, што па націску клавішы можна за хвіліну ўсё высветліць, але аказалася, што гэта не так".
У выніку Ааляксандру давялося спадзявацца на свае сілы. Разам з жонкай і сябрамі яны размясцілі пасты ў польскіх і беларускіх групах у Facebook, і развесілі дзясяткі ўлётак уздоўж маршруту той саамай электрычкі. Бо цягнік спыняецца на 15-ці прыпынках, а дзе выйшаў злодзей высветліць не атрымалася.
У выніку праз суткі Аляксандру патэлефанаваў той самы мужчына, які забраў сабаку. Яго сын убачыў аб'яву ў сацсетках. Ён запэўніваў, што не краў жывёлу, і не думаў, што яна некаму належыць.
Беларус кажа, што больш не будзе пакідаць Джэка на прывязі ля крамаў, і не будзе спадзявацца на паліцыю. Бо ўласная актыўнасць таксама можа даваць плён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.