В. а. галоўнага рэдактара "КП в Беларуси" прызначылі ваенкара Аляксандра Коца

В. а. галоўнага рэдактара "КП в Беларуси" прызначылі ваенкара Аляксандра Коца

Выканаўцам абавязкаў галоўнага рэдактара "КП в Беларуси" прызначылі ваенкара Аляксандра Коца. Яго ўжо прадставілі калектыву, хаця Марына Бунакова будзе працаваць яшчэ да канца тыдня, паведамляе mediazona.by.

Аляксандру Коцу 42 гады. Карэспандэнтам "Комсомольской правды" ён працуе з 1999-га. Як ён піша ў Twitter, быў ваенкарам на Каўказе, у Лівіі, Сірыі, Афганістане, Косава, Егіпце, Гаіці, на Данбасе і ў Іраку. За асвятленне падзей па захопе Крыму расійскімі войскамі атрымаў медаль "За заслугі перад Айчынай" II ступені. СБУ аб'явіла яго ў вышук як "пасобніка тэрарыстаў".

Коц працаваў у маскоўскай рэдакцыі, у яго расійскае грамадзянства. А галоўным рэдактарам беларускага выдання можа быць толькі грамадзянін Беларусі. Па словах Коца, гэтым пытаннем займаюцца юрысты.

У "КП в Беларуси" пасля прэзідэнцкіх выбараў узніклі вялікія праблемы: газету перасталі друкаваць у нашай краіне, прадаваць у кіёсках, не ўключылі ў падпісны каталаг. Не дзіўна, што істотна знізіўся наклад выдання. Маскоўская рэдакцыя, відаць, спадзяецца, што Коц зможа выправіць сітуацыю. Тым часам з беларускай рэдакцыі сышла цэлая група супрацоўнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі