Стала вядома, колькі ва Украіне ваюе беларускіх добраахвотнікаў
Беларус з батальёна "Літвін" на фронце / t.me/belwarriors/
Ва Украіне на сённяшні дзень ваююць не тысячы беларускіх добраахвотнікаў, як часам пішуць СМІ, а толькі каля 450, паведамляе Радыё Свабода. Па-ранейшаму самае шматлікае фармаванне — полк імя Каліноўскага (каля 300 чалавек). Яго камандзір — Дзяніс Прохараў ("Кіт"). У склад палка ўваходзяць батальёны "Волат" і "Літвін", медычная рота і падраздзяленне БПЛА імя Мікіты Крыўцова.
Ужо заявіў пра сябе "Беларускі добраахвотніцкі корпус", у склад якога ўвайшоў батальён "Тэрор" (раней ён быў у складзе палка Каліноўскага, а пасля дзейнічаў самастойна). Налічвае каля 70 чалавек. Самыя вядомыя асобы БДК— Ігар Янкоў ("Янкі") і Радзівон Батулін ("Гена"). У студзені яны ў складзе спецпадраздзялення Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны на катэрах пераправіліся праз Дняпро каля Новай Кахоўкі, знішчылі "перадавы пункт кіравання" расіян, нанеслі ім страты, узялі палоннага і вярнуліся пад артылерыйскім абстрэлам назад. Батулін тады быў паранены. Мяркуецца, што байцы БДК маглі ўдзельнічаць у адным з рэйдаў у Белгародскую вобласць Расіі.
У складзе ІІ Інтэрнацыянальнага легіёна налічваецца каля 20 беларусаў. Першапачатковыя дамоўленасці былі парушаныя і беларуская рота не была створаная. Пасля сыходу групы прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валерыя Сахашчыка, беларусы там усё ж засталіся. Аднак у камандаванні беларусаў няма.
Новы праект Сахашчыка — Асобная дэсантна-штурмавая рота пры 79-й украінскай асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе. У ёй налічваецца каля 30 чалавек. Рота ваюе пад Мар’інкай у Данецкай вобласці.
Радыё Свабода сцвярджае, што амбітны праект "полк "Пагоня", да якога прыклалі руку Валерый Сахашчык і Вадзім Пракоп’еў, спыніў сваё існаванне.
Беларусы служаць і ў розных украінскіх частках ва УСУ, аднак іх дакладная колькасць невядомая. Паводле адной з ацэнак, іх там некалькі дзясяткаў. Пра многіх з іх становіцца вядома толькі пасля іх гібелі. На дадзены момант ва Украіне загінулі не менш 28 беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі ў розных фармаваннях супраць расійскіх акупантаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.