Ва Украіне з 5 тысяч "беркутаўцаў" 1 тысяча знікла са зброяй
Пра гэта заявіў былы міністр унутраных спраў, адзін з лідараў Майдана Юрый Луцэнка.
Паводле яго слоў, пасля перамогі рэвалюцыі ва Украіне больш за тысячу байцоў спецпадраздзялення "Беркут" зніклі ў невядомым накірунку. Пры гэтым зброю яны не здавалі.
Нагадаем, менавіта "Беркут" удзельнічаў у супрацьстаянні з пратэстоўцамі ў Кіеве, жорстка разганяў вулічныя акцыі. У ноч з 10 на 11 студзеня "беркутаўцы" разбілі галаву Юрыю Луцэнку. Пасля змены ўлады ў Кіеве спецпадраздзяленне было ліквідаванае. Частка байцоў, каб пазбегнуць пакарання, з'ехалі ў Крым, іншыя — ў замежжа, найперш у Расію.
Юрый Луцэнка лічыць, што трэба расфармаваць і прыцягнуць да адказнасці і байцоў спецпадраздзялення ўнутраных войскаў МУС "Амега", якія стралялі ў людзей на Майдане. На яго думку, трэба стварыць новае спецпадраздзяленне для супрацьдзеяння антыдзяржаўным акцыям, інфармуе УНІАН.
Фота — Reuters