Ва Украіне за марадзёрства ў Бучы асудзілі грамадзяніна Беларусі
Буча пасля вызвалення ад расійскай акупацыі вясной 2022-га
Ва Украіне за марадзёрства ў Бучы (Кіеўская вобласць) на 5 гадоў пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам на працягу двух гадоў асудзілі грамадзяніна Беларусі, паведамляе Радыё Свабода.
Паводле матэрыялаў справы, беларус разам са сваёй сяброўкай, грамадзянкай Украіны, падчас расійскай акупацыі ў сакавіку-красавіку 2022-га выкрадалі тавары ў крамах у горадзе. Згадваецца некалькі эпізодаў. Справу распачалі 19 красавіка 2022-га. Сцвярджаецца, што мужчына з сяброўкай займаліся крадзяжамі яшчэ некалькі дзён пасля вызвалення Бучы. Іх затрымалі, але неўзабаве вызвалілі пад хатні арышт, і яны ўцяклі. Пакуль уцекачоў шукалі, украінка памерла і супраць яе справу закрылі, а беларуса затрымалі ў сакавіку 2024-га і асудзілі. Ён "цалкам прызнаў сваю віну, шчыра раскаяўся, запэўніў, што зрабіў для сябе належныя высновы, прасіў строга яго не караць".
Вядома, што грамадзянін Беларусі мае вышэйшую адукацыю, нежанаты, раней не меў праблем з законам. Мяркуецца, што раней ён мог служыць у Гомельскім упраўленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У прыватнасьці, яму вярнулі пасведчанні "Цэнтра прапаганды МНС" і "Гомельскага МНС".
Пакуль прысуд, агучаны 19 красавіка, набудзе юрыдычную сілу, беларус будзе пад хатнім арыштам (на працягу 30 дзён).
Буча стала сусветнавядомай вясной 2022-га, калі стала вядома, што расійскія акупанты ўчынілі ў ёй разню мірных жыхароў. Загінула больш за 1400 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.