Ва ўкраінскія парты прыбылі замежныя караблі, якія павінны вывезці збожжа
Ва ўкраінскія парты прыбылі восем замежных суднаў, якія павінны экспартаваць сельскагаспадарчую прадукцыю, паведамляе прэс-служба Ваенна-марскіх сіл Украіны.
"Па звароце Міністэрства інфраструктуры Украіны, Ваенна-марскія сілы УС Украіны далучыліся да арганізацыі забеспячэння перавозак грамадзянскімі суднамі аграпрадукцыі праз вусце Гірла ракі Дунай — Чорнае мора", — гаворыцца ў паведамленні.
Удакладняецца, што выкарыстанне каналу стала магчымым дзякуючы вызваленню вострава Змяіны, бо ён мае стратэгічнае значэнне: дазваляе кантраляваць надводную і, часткова, паветраную прастору на поўдні Украіны. Гэтым карысталіся расійскія вайскоўцы, калі блакавалі рух грамадзянскіх суднаў у гэтым рэгіёне Украіны.
"Раней з-за блакады грамадзянскага суднаходства сусветным марскім кампаніям даводзілася выкарыстоўваць канал Суліна, што стала прычынай скаплення вялікай колькасці судоў і значнай перагрузкі канала", — тлумачыцца ў паведамленні.
Ад пачатку вайны ва ўкраінскіх партах былі заблакаваныя мільёны тон збожжа, значная частка якога прызначалася для Сусветнай харчовай праграмы ААН па барацьбе з сусветным крызісам.
Большасць украінскіх партоў па-ранейшаму зачыненыя. Расійская армія працягвае наносіць удары па аб'ектах крытычнай інфраструктуры і грамадзянскім судам у Чорным моры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.