Ва ўніверсітэце культуры студэнтаў палохаюць “Маршам анархістаў” 25 сакавіка
Студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў рассылаюць СМСкі з перадасцеражэннем аб мітынгу 25 сакавіка. Вось такія паведамленні атрымліваюць навучэнцы:
“Усім прывітанне! Сябры і сабяроўкі! Інфа для тых, хто не збіраецца ісці!!! На 25-ае запланаваны мітынг анархістаў. Будзьце асцярожныя! Птушка з МУС (менавіта з міністэрства!) намякнула, што плануецца крайне жорстка перапыняць любыя дзеянні скіраваныя на зас*р палітыканаў і гэтак далей. Плануюць канкрэтны хапун. Браць будуць без разбора і тлумачэнняў. Унутраныя войскі перавядуць на усілёнку. В\ч 3214 выведуць “прагуляцца”. Калі нехта пойдзе, то будзьце крайне ўважлівымі. Спадзяюся, што ніхто не пойдзе. Калі прыцягнуць, то наступствы плачэўныя. Адлічэнне з ўніверсітэта без права на ўзнаўленне, аўтаматычны статус “невыязднога””.
Як даведалася Еўрарадыё, аўтар гэтых паведамленняў таксама студэнт універсітэта. Дата паведамлення — 16 сакавіка. Нагадаем, 25 сакавіка ў сталіцы плануецца мітынг прысветчаны Дню Волі, гэта традыцыйная штогадовая акцыя. Сёлета яна стане таксама працягам “Маршаў недармаедаў”.