Ва Узбекістане асудзілі за найміцтва "вагнераўца", які вярнуўся з Беларусі
"Вагнераўцы" ў лагеры пад Асіповічамі, лета 2023-га
Ва Узбекістане асудзілі за найміцтва "вагнераўца", які ваяваў пад Бахмутам, удзельнічаў у "паходзе на Маскву" і нейкі час знаходзіўся ў Беларусі. Справу разглядаў суд у Ташкенце. Мужчына атрымаў 4 гады абмежавання волі, піша gazeta.uz.
48-гадовы грамадзянін Узбекістана ў верасні 2022-га паехаў на заробкі ў Расію — хацеў купіць новую кватэру для сваёй вялікай сям'і. Да траўня 2023 года ён працаваў пекарам, а пасля ўбачыў у Telegram аб'яву ПВК "Вагнер". Замежніка спакусілі грошы, якія прапаноўваліся за службу (заробак — каля 2500 долараў).
У судовай справе найміта падрабязна зафіксавана яго знаходжанне ў "вагнераўцаў", усе інструкцыі, у тым ліку і тыя, якія атрымліваліся вусна. Там жа змешчана і інфармацыя пра прыезд у Беларусь пасля "паходу на Маскву". Згадваецца, што грамадзянін Узбекістана "адправіўся на аўтобусе ў ваеннай калоне на базу ў Магілёве". Напэўна, маецца на ўвазе Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці. Там да 20 верасня 2023-га найміт "займаўся гаспадарчымі справамі". З Беларусі яго ў складзе групы іншых "вагнераўцаў" прывезлі ў Расію, у горад Падольск. Там ім прапанавалі грамадзянства РФ. Але папярэдзілі, што пасля атрымання пашпарту адправяць служыць у краіны Афрыкі. Грамадзянін Узбекістана адмовіўся, кантракт працягваць не стаў, атрымаў 5 тысяч долараў заробку і ўжо 24 верасня 2023 года быў у Ташкенце.
Мужчыне за найміцтва пагражала да 10 гадоў пазбаўлення волі. Але суд улічыў "змякчальныя абставіны" (поўнае прызнанне віны, раскаянне, наяўнасць непаўналетняга дзіцяці і жонкі з інваліднасцю) і прызначыў абмежаванне волі. Летась іншага грамадзяніна Узбекістана, таксама "вагнераўца", асудзілі на пазбаўленне волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.