Ваеннаабавязаных тэрытарыяльных войскаў будуць вучыць капаць акопы
Трэніроўка з прызванымі з запасу
Ваеннаабавязаных тэрытарыяльных войскаў будуць вучыць капаць акопы. З 8 студзеня ў Гомельскім раёне праводзіцца іх вучэбны збор. Ён працягнецца да канца месяца, паведамілі ў Мінабароны.
Адзначаецца, што асноўная задача збору — "падрыхтоўка ваеннаабавязаных да выканання задач, у тым ліку сумесна з інжынернымі падраздзяленнямі Узброеных сіл". А іх камандзіры будуць вучыцца кіраваць сваімі падначаленымі.
Тое, што на Гомельшчыне актыўна капаюць акопы нават зімой, заўважылі ў канцы мінулага года. Іх лінія з'явілася перад расійскім вайсковым аб'ектам у Зябраўцы.
Тэрабарона — гэта асобны род войскаў ва Узброеных сілах Беларусі, які склікаецца толькі на час вайны або ў перыяд "напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі". Яна мае дапаможнае значэнне і складаецца з асоб, якія лічацца ў запасе. Удзельнікаў тэрабароны вучаць працы на КПП, ахове важных аб'ектаў, абароне ад дыверсантаў і г. д. Апошнім часам важная ўвага надаецца ідэалагічным заняткам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.