Ваенныя паведамілі, што пад Мінскам небяспечна зблізіліся "Боінг" і дрон
Надзвычайная сітуацыя здарылася з пасажырскім самалётам кампаніі "Белавія" 14 жніўня. "Боінг 737-500", які ляцеў рэйсам Львоў-Мінск, пры заходзе на пасадку заўважыў у непасрэднай блізкасці ад самалёта дрон тыпу "крыло", піша dev.by.
Высветлілася, што беспілотнік быў узняты ў неба без адпаведнага дазволу. Цяпер спецыяльная камісія вызначае, хто кіраваў дронам.
Намеснік старшыні Беларускай федэрацыі беспілотнай авіяцыі Глеб Бандарык лічыць, што кіраваў дронам спрактыкаваны чалавек. На яго думку, той, хто можа выконваць палёт на вышыні да кіламетра, павінен мець пэўную кваліфікацыю і ведаць усе рэгламентацыйныя правілы. "Той, хто выконваў гэты палёт, хутчэй за ўсё, разумеў, што ідзе на парушэнне", — канстатуе Бандарык.
За запуск беспілотніка без дазволу гаспадар можа быць аштрафаваны на 490 рублёў (20 базавых велічыняў). за паўторнае парушэнне на працягу года — на 1225 рублёў (50 базавых).