Вакансіі на журфаку: на Брагіншчыне 1,2 мільёна, на Гомельшчыне – 1,6

У Інстытуце журналістыкі БДУ заўважаем 12 вакансій для выпускнікоў спецыяльнасці “Інфармацыя і камунікацыя”. У Мінску — толькі адна. Нацыянальная кніжная палата шукае рэдактара. Заробак не пазначаюць.

Але ў рэгіёнах журналістаў спрабуюць “прывабіць” заробкам.

Рэдакцыя газеты “Прамень” і “Радыё Стоўбцы” шукае карэспандэнта-выпускніка Інстытута журналістыкі на 1,4 мільёна+ганарар. Абяцаюць нават інтэрнат.

“Нам трэба абнаўляць калектыў, бо цяпер 3 пенсіянеры ў нас працуюць. З ганарарам да трох будзе даходзіць, — абяцаюць у рэдакцыі газеты “Прамень”, — Жылля няма, таксама праблема. Але зараз будзем чакаць дваіх сваіх чалавек, якія вучыліся па мэтавым запыце. Але ўсе ж у Мінск хочуць. Загадзя ўладкоўваюцца”.

“Голас Сенненшчыны” у Віцебскай вобласці заплаціць карэспандэнту з Мінска 3,5 мільёна, а таксама прэмію і ганарар. Нават абяцаюць інтэрнат, толькі працуй.

“Першы год мы падалі. Раней віцебскія спецыялісты да нас размяркоўваліся. Яны прыжываліся, бо пераважна яны былі з Сянно, таму заставаліся. Гэта самы аптымальны варыянт, калі мясцовыя прыязджаюць”, — апісваюць у рэдакцыі “Голасу Сенненшчыны”.

У Шаркаўшчыне Віцебскай вобласці рэдакцыя газеты “Кліч радзімы” шукае праз журфак 2 карэспандэнтаў на 2,3 мільёна. Абяцаюць ганарар, прэмію і дапамагчы са здымным жыллём.

У Дуброўна Віцебскай вобласці адразу дваіх карэспандэнтаў шукае “Дняпроўская праўда”. Гатовыя плаціць 2,3 мільёна + ганарар + прэміяльныя. Можна разлічваць на інтэрнат.

Загадчыку аддзела брагінскай раёнкі “Маяк Палесся” абяцаюць толькі 1,2 мільёна. Без інтэрната.

Спецыялістаў “Інфармацыі і камунікацыі” родны журфак ужо размеркаваў, як даведваецца Еўрарадыё. Па словах выпускнікоў, ні ў Брагінскі раён, ні ў Стоўбцы ніхто не паехаў.

Фота 1: portal.tpu.ru, 

Фота: academy.cosmo.ru, lamcdn.net, websmi.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі