Вакцыны супраць класічнай чумы свіней у Беларусь прывязуць з Латвіі
З іх дапамогай сёлета правядуць імунізацыю дзікоў на тэрыторыі нашай краіны.
Як вынікае з пастановы Савета міністраў, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Харчова-ветэрынарная служба Латвіі мусяць неўзабаве падпісаць адпаведную дамову.
БЕЛТА нагадвае, што класічная чума свіней — вірусная хвароба свіней, якая характарызуецца ліхаманкай, паразай крывяносных сасудаў і крывятворных органаў ды інш. Захворванне рэгіструецца ва ўсіх краінах. Класічная чума свіней наносіць вялізныя эканамічныя страты гаспадаркам: смяротнасць складае 80-100%. Вірус пагражае толькі хатнім свінням і дзікам.
Дарэчы, учора стала вядома, што з-за афрыканскай чумы свіней Латвія ўводзіць татальны ветэрынарны кантроль на мяжы з нашай краінай. Адно з мерапрыемстваў, пры дапамозе якога плануецца змагацца з магчымым распаўсюдам захворвання на тэрыторыі Латвіі, — пабудова плота ўздоўж мяжы краіны.
Фота — bymedia.net