Валерый Ухналёў: Мы будзем змагацца супраць такога самачыну

120329 UhnaljouS.mp3

Еўрарадыё: Што будуць рабіць лідэры апазіцыі каб пазбегнуць падобных затрыманняў, як адбылося з Лябедзькам, Калякіным, Атрошчанкавым?


Валерый Ухналёў: Па-першае, мы адназначна будзем шукаць шляхі, якім чынам можна выязжаць з Беларусі, нягледзячы на ўвесь самачын, што адбываецца. І думаю, штосьці знойдзем. Як бачна з апошняга затрымання – расійскія памежнікі пакуль што ў гэтым не ўдзельнічаюць, таму нашых лідэраў давялося здымаць беларускай міліцыі. І па-другое, мы будзем усімі магчымымі спосабамі змагацца супраць такога самачыну тут, у Рэспубліцы Беларусь і даводзіць да ведама нашым замежным партнёрам і тым, з кім мы працуем у структурах Еўрасаюза.

Еўрарадыё: Вам не падаецца, што ўлады хочуць дамагчыся, каб апазіцыйныя палітыкі ўвогуле не выязжалі з Беларусі?


Валерый Ухналёў: Я думаю, што ваш пункт гледжання мае сэнс. Але гэта адназначна не вырашае праблему, якую спрабуе вырашыць рэжым: каб палітыкі не выехалі і не выказалі сваё бачанне таго, што адбываецца ў Беларусі і як павінна развівацца Беларусь як еўрапейская краіна. Натуральна, што калі сёння не выпускаюць Калякіна ці Ухналёва, то ў партыі Справядлівы свет ёсць іншыя людзі, якія могуць выказаць пункт гледжання партыі на тое, што сёння адбываецца і якім мы бачым развіццё нашай краіны. Усё адно пункт гледжання дэмакратычных сілаў будзе кімсьці данесены.

Еўрарадыё: Прагучала заява, што з-за арышту Сяргей Калякін можа не пайсці на выбары. Гэта шантаж беларускіх уладаў? Ці выгадна ім, каб апазіцыя ўдзельнічала ў парламенцкай кампаніі?


Валерый Ухналёў: Я ацэньваю сітуацыю так, што для ўладаў невялікую праблему складае тое, ці будзе апазіцыя ўдзельнічаць у выбарах. Дзеянні ўладаў як па зачыстцы ўсяго апазіцыйнага поля і грамадзянскай супольнасці, так і непасрэдна па падрыхтоўцы выбарчай кампаніі не паказваюць, што ўлада імкнецца, каб мы ўдзельнічалі ці не ўдзельнічалі. Па вялікім рахунку, ужо бачна, што ўлада будзе праводзіць гэтыя выбары так, як яна праводзіла іх заўсёды, без выбару. А тое, што называецца выбарчай кампаніяй будзе праходзіць так, каб людзі ў Палаце сядзелі тыя, каго зацвердзілі зверху, а не тыя, хто насамрэч можа перамагчы. Таму сітуацыя неадназначная.

У нашай партыі няма пакуль канчатковага рашэння наконт фармату ўдзелу ў выбарах. Мы агучваем, што большасць нашых кіраўнікоў – і мясцовых і ў кіраўніцтве – плануе удзельнічаць поўнамаштабна, вылучаць кандыдатаў. Мы разумеем, што няма выбару, што мы не можам атрымаць мандаты, але мы можам працаваць з людзьмі і мы будзем выкарыстоўваць гэтую магчымасць. Але мы і раней казалі, што калі будзе адбывацца такі самачын, як зараз, калі людзей будуць затрымліваць ні за што, палітыкаў, кіраўнікоў, магчыма яшчэ кагосьці, калі не будзе магчымасці вылучыць нармальных кандыдатаў, бо іх пачнуць пераследаваць на працы, калі у іх не будзе магчымасці жывога эфіру на тэлебачанні – то магчыма наша партыя прыме рашэнне не ўдзельнічаць у выбарах. Але пакуль такога рашэння няма. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі