Вальфовіч у Маскве абмеркаваў "гібрыдную вайну Захаду" супраць Беларусі і Расіі
16 жніўня ў Маскве прайшла сустрэча дзяржаўнага сакратара Саўбеза Беларусі Аляксандра Вальфовіча і сакратара Саўбеза Расіі Мікалая Патрушава. Прэс-служба Савета бяспекі РФ паведамляе, што былі "абмеркаваны ключавыя пытанні забеспячэння бяспекі ва ўмовах агрэсіўнай палітыкі NATO і развязанай краінамі Захаду гібрыднай вайны супраць Расіі і Беларусі". Вальфовіч і Патрушаў "абмяняліся меркаваннямі па сітуацыі ва Украіне". Па выніках размовы заяўлена пра "наўмысныя правакацыі кіеўскіх уладаў пры відавочным папушчальніцтве Захаду ў дачыненні да атамных аб'ектаў", а яны "уяўляюць істотную пагрозу еўрапейскай і глабальнай ядзернай і радыяцыйнай бяспецы". Як вядома, улады Украіны ўскладаюць адказнасць за абстрэлы Запарожскай АЭС на расійскі бок.
Таксама ў Маскве абмеркавалі "верагоднасць масавага патраплення зброі, якую Захад перадае Кіеву, да злачынных, экстрэмісцкіх і тэрарыстычных структур, якія дзейнічаюць у розных дзяржавах свету".
Гледзячы па фота, сустрэча Аляксандра Вальфовіча і Мікалая Патрушава была сяброўскай. Дзяржаўны сакратар Саўбеза РБ вядомы сваімі сувязямі ў Маскве. А яшчэ сёлета ён рабіў правакацыйныя заявы, гразіў краінам Балтыі і Польшчы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.