Вандал з кувалдай і сякерай хацеў разбурыць лаву Клінтана ў Курапатах

Вандал з кувалдай і сякерай хацеў разбурыць лаву Клінтана ў Курапатах

Вандал з кувалдай і сякерай хацеў разбурыць лаву Клінтана ў Курапатах на ўскраіне Мінска. Яго спынілі абаронцы народнага мемарыялу, інфармуе Радыё Свабода.

Здарэнне адбылося ўвечары 19 снежня. Па словах аднаго з кіраўнікоў абароны Курапатаў Паўла Севярынца, спачатку падазронага мужчыну, у руках якога былі кувалда і сякера, каля лавы Клінтана заўважыў Пётр Рабушка. Ён паклікаў на дапамогу іншых удзельнікаў пікета каля рэстарана "Поедем поедим". Мужчына, нібыта, збіраўся ўжо разбурыць адзін з аб'ектаў народнага мемарыялу. Рабушка перашкодзіў, і тады невядомы накінуўся з сякерай на яго. Але калі пабачыў іншых актывістаў, кінуўся бегчы і з'ехаў на аўтамабілі.

Севярынец не выключае, што гэты мужчына можа мець дачыненне да нядаўняга здарэння ў Курапатах, калі хтосьці пашкодзіў мемарыяльны знак, зрабіў на ім драпіны ў выглядзе зоркі Давіда.

Курапаты — месца масавага пахавання ахвяраў сталінскага рэжыму. Лава Клінтана была ўсталяваная ў памяць пра наведванне народнага мемарыялу ў пачатку 1994 года тагачасным прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам. Яе двойчы знішчалі вандалы, але абаронцы Курапатаў лаву аднаўлялі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі