"Варожыя" тавары схаваць, беларускія — наперад: якія наступствы для сетак?

Цукерачна-здобный адказ на санкцыі
Цукерачна-здобный адказ на санкцыі

Беларускія гандлёвыя сеткі могуць абавязаць высунуць беларускія тавары на пярэдні план, а імпарт з "няправільных" краін, якія ўвялі санкцыі супраць Беларусі, засунуць далей на паліцы. Вялікіх страт сеткі не панясуць, лічыць сустаршыня Саюза юрыдычных асоб "Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва" Віктар Маргелаў.

Наяўную выкладку тавараў на мінулым тыдні раскрытыкаваў кіраўнік Мінска Уладзімір Кухараў. Яго абурыла, што "цукеркі, здоба і печыва" з "недружалюбных" краін займаюць на паліцах самыя выгадныя месцы.

На нарадзе з прадстаўнікамі гандлёвых сетак Кухараў спытаў: што адбываецца?

— Мы жорстка паставілі перад сеткамі пытанне: або сітуацыя мяняецца, або мы будзем са свайго боку прымаць меры. Прычым, мяркую, такое рашэнне варта прымаць на ўзроўні ўсёй краіны.

Сярод краін, чые цукеркі стаяць на самых выгадных пазіцыях у крамах, — Украіна, Літва і Польшча. Віктар Маргелаў растлумачыў Еўрарадыё: у буйных гандлёвых сетках такія пазіцыі для іх вызначыў не чалавек, а камп'ютарная праграма.

“Вражеские” товары спрятать, белорусские — вперед: какие будут последствия?
Якую паліцу вы заўважаеце першай?

"Вялікіх страт для сетак не будзе"

Агульны прынцып раскладкі даволі немудрагелісты: найлепшыя тавары выстаўляюцца на найлепшых месцах і найбольш прадаваным таварам адводзіцца больш месца. Кожнае гандлёвае прадпрыемства выкладвае тавар так, як умее, — у залежнасці ад таго, якія інструменты мае.

— У буйных сетак існуюць так званыя планаграмы — правілы выкладкі тавараў. У планаграме вызначаецца, у якой паслядоўнасці павінны выстаўляцца тавары. Як правіла, усё гэта разлічваецца з дапамогай спецыяльных праграм, — тлумачыць у гутарцы з намі Віктар Маргелаў.

Адны сеткі групуюць тавары па брэндах, другія выкладваюць іх па ўзрастанні цаны. Праводзяцца сур'ёзныя разлікі, і людзі, якія займаюцца падобнымі разлікамі, маюць спецыялізаваную вышэйшую адукацыю.

“Вражеские” товары спрятать, белорусские — вперед: какие будут последствия?
Гэтыя цукеркі сюды паставіла спецыяльна навучаная праграма

— Зразумела, што калі тавар стаіць у буйных сетках на выгадных паліцах, значыць, ён карыстаецца попытам. Але бывае, што рэч не ва ўзроўні попыту, а ў даходзе, які гэты тавар прыносіць краме. Умоўна, адзін тавар прыносіць 20 адсоткаў даходу, а другі — 200 адсоткаў. І тады выходзіць, што тавару прадаецца менш, затое даходу гэтыя продажы прыносяць больш. І такім таварам таксама могуць адводзіцца найлепшыя паліцы.
 

"Няма імпарту з сур'ёзным пазіцыянаваннем"

Вядома, перастаўлянне тавару можа паўплываць на паводзіны пакупніка, таму што ён здзяйсняе шмат імпульсных, інтуітыўных пакупак. Перастаўляючы тавар, можна значна змяняць структуру тавараабароту.

Нельга адвесці добраму тавару самае дрэннае месца і думаць, што аб'ём продажаў не зменіцца. Маргелаў кажа, што аб'ём продажаў будзе меншым — і значна меншым. Толькі польскага/літоўскага/etc. печыва гэта наўрад ці датычыцца.

“Вражеские” товары спрятать, белорусские — вперед: какие будут последствия?
Тавар выкладваецца толькі пасля сур'ёзных камп'ютарных разлікаў

— Калі б польскае печыва прадавалася значна лепш за беларускае, а яго прыбралі на заднія шэрагі, сеткі панеслі б вялікія страты.

Але няма сёння ў Беларусі такіх імпартных брэндаў — акрамя ўкраінскага піва, якое мае сур'ёзны аб'ём продажаў і пазіцыянаванне, — якія можна было б назваць добра прадаванымі.

 

Халодны камп'ютарны разлік

Страты будуць у іншым: прадпрыемствам давядзецца ламаць наладжаную сістэму. Адна рэч, калі камп'ютар бесстаронне дае рэкамендацыі па размяшчэнні прадуктаў на паліцах. Іншая — калі гэтую раскладку трэба будзе пралічыць, ігнаруючы звесткі камп'ютара і ўлічваючы ўказанні "зверху".

— Тут логіка ламаецца і пачынаецца ручная раскладка тавару. Гэта складана, і тут можа быць шмат памылак і шмат страт.

З іншага боку, спроба прадаць уласны прадукт — гэта не нейкае ноу-хау. Іншая рэч, кажа Маргелаў, як гэта вырашаецца ў розных краінах.

— Напрыклад, у Германіі гэта вырашаецца на ўзроўні культурных традыцый. Дзякуючы ідэалагічнай, культурнай працы немцы лічаць, што нямецкі тавар лепшы. І пры іншых роўных яны купляюць нямецкае.

“Вражеские” товары спрятать, белорусские — вперед: какие будут последствия?
На паліцах — поўная шматвектарнасць

Але ёсць і краіны, у якіх выкарыстоўваюць адміністрацыйныя метады. Але трэба мець на ўвазе, папярэджвае Маргелаў: міжнародны гандаль на такія рашэнні можа адрэагаваць вельмі непрадказальна.

— Калі адна краіна ўводзіць абмежаванні на гандаль іншай краіны, то іншая краіна цалкам абгрунтавана можа ўвесці такія самыя — ці нават несіметрычныя абмежаванні. Напрыклад, Літва ўжо цяпер не хоча гандляваць беларускім алкаголем. Не проста не хоча ставіць яго на найлепшыя паліцы, а наогул яго прадаваць. А гэта ўжо нашмат больш жорсткае рашэнне, чым адмова ставіць літоўскі тавар на найлепшыя паліцы ў крамах. Ён і ў прынцыпе ж не заўсёды стаяў на найлепшых паліцах.

 

Ушчамленне карамелькі

Карэспандэнтка Еўрарадыё адправілася ў крамы, каб ацаніць пазіцыі тавараў, вырабленых у "недружалюбных" краінах.

На цукерачна-здобных паліцах усё па-ранейшаму шматвектарна. Беларускае печыва стаіць побач з украінскім і расійскім, літоўскія цукеркі — сярод элітнага бельгійскага і французскага шакаладу.

Калі польскія тавары яшчэ можна знайсці, то літоўскіх так мала, што наўрад ці можна абвінаваціць гэтыя цукеркі ў тым, што адцягваюць увагу ад беларускага.

Самыя выгадныя паліцы на ўзроўні пакупніцкіх вачэй — у палітычна нейтральнага Raffaello — прычым адразу ў некалькіх гандлёвых сетках. Беларускае таксама не ўшчэмлена: "Камунарцы" і "Спартаку" адразу ў некалькіх гандлёвых сетках адведзены асобныя стэлажы.

“Вражеские” товары спрятать, белорусские — вперед: какие будут последствия?
Здаецца, карамелькі "Камунаркі" прыносяць гэтай сетцы менш за ўсё прыбытку

Адзіныя па-сапраўднаму рэпрэсаваныя дзеля імпарту беларускія цукеркі — самыя бюджэтныя карамелькі ад "Камунаркі". Мармеладныя мішкі Haribo і ўкраінская "Шалёная пчолка" ўпэўнена дамінуюць над імі.

Але ў гэтым відавочна прасочваецца не злы намер і спроба дыскрэдытаваць беларускія карамелькі, а халодны камп'ютарны разлік.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі