Вас шукае Інтэрпал: усё, што трэба ведаць беларусам пра міжнародны вышук

Вас шукае Інтэрпал: усё, што трэба ведаць беларусам пра міжнародны вышук

Акурат цяпер на сайце Інтэрпала вісяць партрэты чатырох беларусаў. Хутчэй за ўсё, вас сярод іх няма. Але гэта не значыць, што вас не шукае Інтэрпал.

У 2011 годзе партрэта экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі юрыста Алеся Міхалевіча таксама не было на сайце. Але ж запыт на ягоную выдачу Беларусь разаслала па ўсіх краінах Інтэрпала.

Радзіма абвінавачвала Міхалевіча ў арганізацыі грамадскіх беспарадкаў. І ён гадзіны праводзіў у аэрапортах, чакаючы, пакуль высветляць, хто ён — дысідэнт ці забойца.

Алесь Міхалевіч вяртаецца ў Беларусь у 2015 годзе

Міхалевічу давялося разабрацца, як працуе Інтэрпал, каб выдаліць з базы сваё прозвішча. А пасля паўтарыць тое самае з прозвішчамі сотняў актывістаў, журналістаў, палітыкаў з розных краін, да якіх рэжымы спрабавалі дацягнуцца праз міжнародны вышук.

Як “прабіць” сваё імя праз базу міжнароднага вышуку? Якія краіны лепей аб’язджаць беларускім палітыкам і ці могуць злоўжываць даверлівасцю Інтэрпала не толькі краіны, але і самі актывісты? Еўрарадыё распытала пра гэта Алеся Міхалевіча.
 

Як паліцэйскія могуць не любіць паліцэйскую краіну?

— Святлану Ціханоўскую і Паўла Латушку не атрымалася падаць у міжнародны вышук: Інтэрпал адмовіў Беларусі. Але чаму 10 гадоў таму, калі вас раз за разам затрымлівалі пры перасячэнні мяжы, Інтэрпал быў такі даверлівы?

— Тады было заўважна прыязнае стаўленне да Беларусі з боку Інтэрпала. Я размаўляў шмат з якімі былымі супрацоўнікамі гэтай арганізацыі, і яны тлумачылі гэтае стаўленне вельмі проста. Беларусь — паліцэйская дзяржава, і не можа быць, каб паліцэйскія свету не любілі паліцэйскую дзяржаву.

У Беларусі 100% спраў, якія перадаюцца ў суды, заканчваюцца абвінавачвальным прысудам. Безумоўна, любы следчы любой краіны свету хацеў бы працаваць у такіх умовах. Хацеў бы, каб любая бязглуздзіца, якую ён нарабіў, дайшоўшы да суда, заканчвалася выракам.

Вас шукае Інтэрпал: усё, што трэба ведаць беларусам пра міжнародны вышук
Алесь Міхалевіч / Еўрарадыё

Быў гаваркі скандальны выпадак з удзелам прадстаўніка Інтэрпала, які прыязджаў у Мінск адразу пасля тэракта ў метро. Яшчэ да суда ён сказаў, што беларусы ўжо “знайшлі вінаватага” і ва ўсім разабраліся. За такую фразу яго трэба было б падвесіць за яйцы — можаце пакінуць гэтую фармулёўку, — бо ў дэмакратычнай сістэме вінаватым чалавека можа прызнаць толькі суд.

Але ж з пункту гледжання Інтэрпала, пакуль ты дапамагаеш у змаганні са злачыннасцю, ты на баку дабра. І Лукашэнка, на іх думку, усе гэтыя гады быў на баку дабра: праз Беларусь не ішоў трафік мігрантаў, у параўнанні з суседнімі краінамі не ішоў наркатрафік. За тое, што цяпер выраблялі з бежанцамі на мяжы, раней у Беларусі можна было сесці на шмат гадоў. Таму на той момант ніякія сур’ёзныя праверкі таго, каго Беларусь падае ў вышук, не праходзілі.

— Сітуацыя змянілася, і вось Германія сёння нават не разглядае экстрадыцыйныя запыты з Беларусі. Выглядае, што цяпер мясцоваму крыміналітэту можна адпраўляцца у Берлін і пачынаць там новае жыццё?

— Трэба разумець, што адмова ў экстрадыцыі з Германіі ў Беларусь звязаная з сітуацыяй у беларускіх турмах. Права быць абароненым ад катаванняў — безумоўнае права. Яно ёсць ва ўсіх, незалежна ад таго, забойца ты ці не.

Ці змогуць забойцы спакойна з’ехаць з Беларусі і жыць у Германіі? Гэта так. Можна казаць, што гэта няправільна, што павінна быць па-іншаму. Але я лічу, што найперш па-іншаму павінна быць у беларускіх турмах.

Дзякуючы нашаму адвакацкаму бюро Інтэрпал прыняў рашэнне забараніць Расіі падаваць у міжнародны вышук, калі злачынства здзейсненае на тэрыторыі Рэспублікі Крым. Таксама можна сказаць, што цяпер усе забойцы з Крыма могуць спакойна хавацца дзе заўгодна. Але сітуацыя простая: Крым — гэта тэрыторыя Украіны. І толькі Украіна можа падаваць у Інтэрпал інфармацыю пра злачынствы, здзейсненыя на яе тэрыторыі.

Вас шукае Інтэрпал: усё, што трэба ведаць беларусам пра міжнародны вышук
Супрацоўнікі Інтэрпала / interpol.int

Такія правілы гульні. Па гэтых правілах трэба, каб дзяржавы забаранялі катаванні ў турмах. Трэба, каб іншыя дзяржавы не адціскалі ў суседзяў іх тэрыторыю. Калі не хочуць — будуць наступствы. А менавіта: так, злачынцы, якія збеглі з Беларусі, не будуць вернутыя з Германіі на радзіму.

— З “недэмакратычнымі краінамі” разабраліся. А дэмакратычныя не злоўжываюць Інтэрпалам? Восем гадоў таму па запыце ЗША Інтэрпал выдаў ордар на таго ж Асанжа.

— У дэмакратычных краінах у працэнтных адносінах далёка не тое. У Інтэрпале вялікую славу маюць ААЭ. Таксама ёсць асобныя індывідуальныя злоўжыванні і ў лацінаамерыканскіх краінах. 

Адзначыўся і Іран. Менавіта дзякуючы яму Германія цяпер у прынцыпе не карыстаецца базай Інтэрпала, а ўсіх, хто ў яе трапляе, пераправярае і фармуе ўласную базу Bundeskriminalamt. А справа ў тым, што некалі Іран падаў у вышук журналістаў, якія ў Германіі мелі статус бежанцаў. Іх затрымалі, Германія выглядала з гэтай прычыны дрэнна, вось і вырашыла базай больш не карыстацца.

— Дарэчы, калі мяне затрымаюць, хто-небудзь будзе разбірацца ў справе, высвятляць, крыміналітэт я ці актывіст? Ці задача суда проста вырашыць, ці можна аддаць, — і ўсё?

— У тэорыі краіна, якая затрымлівае, не разглядае справу па сутнасці. Але ж адвакаты лічаць, што варта паглядзець, у чым чалавека абвінавачваюць на самай справе. Зразумець, ці дадзенае дзеянне з’яўляецца нагодай для крымінальнага пераследу ў краіне затрымання.

Мой любімы прыклад — жанчыну з Саудаўскай Аравіі падалі ў вышук за тое, што яна не насіла хіджаб. Артыкул — “хуліганства”, такі артыкул ёсць у кожнай краіне. Але ж у Германіі выходзіць на вуліцу без хіджаба можна. І тут гэтае дзеянне хуліганствам не з’яўляецца.

Таму пазіцыя адвакатаў такая: хоць суд не даследуе справу па сутнасці, ён мусіць учытацца ў тое, у чым чалавека абвінавачваюць.
 

Вы дакладна актывіст?

— Дзе ў Беларусі знаходзіцца кабінет з шыльдачкай “Інтэрпал”?

— У Беларусі ёсць міжнародны аддзел МУС, а у ім — Нацыянальнае цэнтральнае бюро Інтэрпала. Гэтыя людзі і адсылаюць інфармацыю ў штаб-кватэру ў Леоне. Там яна правяраецца, але дэ факта яна яшчэ да праверкі змяшчаецца ў рассылцы. Калі пасля прававы дэпартамент, разглядаючы заяўку, пабачыць у ёй злоўжыванні, чалавека з базы Інтэрпала здымуць.

Ёсць два механізмы падачы ў вышук праз Інтэрпал. Можна прасіць арыштаваць чалавека ў любой краіне свету — гэта “чырвоны цыркуляр”, red notice.

Другі механізм падачы — diffusion, то-бок распаўсюджанне інфармацыі на пэўную групу краін. У такім выпадку праверкі з боку прававога дэпартамента Інтэрпала не ажыццяўляюцца. І Беларусь гэтым карыстаецца.

Вас шукае Інтэрпал: усё, што трэба ведаць беларусам пра міжнародны вышук
Можна адаслаць інфармацію пра вышук толькі ў тыя краіны, з якіх ёсць імавернасць атрымаць дазвол на экстрадыцыю / коллаж Влада Рубанова, Еврорадио

Можна адаслаць інфармацію пра вышук толькі ў тыя краіны, з якіх ёсць імавернасць атрымаць дазвол на экстрадыцыю. І выключыць з гэтага спіса, напрыклад, Германію, Польшчу. Чалавек будзе спакойна ездзіць па шэрагу краін Еўропы і не ведаць, што на яго ёсць запыт.

А вось калі ён прыедзе ў Харватыю, а лепш у Турцыю ці Егіпет, яго і схопяць. І ў гэтых краінах экстрадыцыйны працэс можа скончыцца нечым “пазітыўным”.

Кажучы “пазітыўным”, я маю на ўвазе пазітыўны вынік для краіны, а не для чалавека. У семінарах па экстрадыцыі разам з адвакатамі звычайна ўдзельнічаюць і прадстаўнікі дзяржаўных органаў. Калі яны гавораць, што экстрадыцыя была “паспяховай”, я заўсёды звяртаю ўвагу, што яна была паспяховай для вас, дзяржавы, але не для нас, абаронцаў.

— Акурат цяпер захацелася шмат каго прабіць праз базу Інтэрпала. Я магу гэта зрабіць?

— Вельмі часта мы не можам даведацца, ці ёсць чалавек у вышуку. Інтэрпал інфармуе абаронцаў толькі ў тым выпадку, калі мы зрабілі даверанасць ад нейкага чалавека, звычайна палітыка, журналіста ці грамадскага дзеяча, і даслалі яе ў Інтэрпал. Тады можна папрасіць інфармаваць нас, абаронцаў, калі прыйдзе запыт на гэтага чалавека.

Але калі гэта просты чалавек, які ніяк Інтэрпал пра сябе не папярэдзіў, ён пра праблемы даведаецца ўжо калі яго затрымаюць.

Я заўсёды раю сабраць доказы палітычнага заангажавання, доказы таго, што вы прымалі ўдзел у грамадска-палітычным жыцці, у пратэстах. Гэта ўсё дапамагае — але шмат у якіх краінах “танцы з бубнамі” адмяніць не ўдасца. Дастаткова часта суду патрэбна шмат часу, каб разабрацца ў справе.

— Доказы “заангажавання” ёсць шмат у каго. Але ж выглядае, што і трывіяльны злачынца можа сказаць: я — палітычны актывіст! І ён лёгка пазбегне экстрадыцыі?

— Так, любы беларус сёння можа сказаць, што ён палітычны актывіст. І праўда ў тым, што любы актыўны беларус так ці інакш удзельнічаў у пратэстах 2020 года. Прынамсі, са сцягам у сваім двары стаяў. Нейкая доказная база, што ты актывіст, сапраўды ёсць у многіх, бо ў Беларусі ў 2020 годзе актывістаў былі тысячы.

Ці мы мусім усіх успрымаць як актывістаў? У нейкім сэнсе мусім. Ці можа любы крымінальны пераслед быць звязаны з тым, што рэжым помсціць чалавеку? Можа. Я заўсёды ў такіх пытаннях зыходжу з таго, што чалавек гаворыць праўду.

Вас шукае Інтэрпал: усё, што трэба ведаць беларусам пра міжнародны вышук
Колькі сярод беларусаў актывістаў / Еўрарадыё

І не лічу неабходным арганізоўваць свае ўласныя праверкі [беларускім актывістам і грамадскім дзеячам бюро Міхалевіча дапамагае бясплатна. — Еўрарадыё]. Ёсць здымкі, дзе людзі стаяць са сцягам перад амапаўцамі, — мне дастаткова, мне не трэба, каб яны даказвалі, што працавалі ў складзе нейкай арганізаванай групы.

Але так, гэты момант можна выкарыстаць.

— Праз Інтэрпал шукаюць только сур’ёзных злачынцаў ці за нясплачаны штраф таксама можна трапіць у базу?

— Ёсць універсальнае правіла: падаваць у міжнародны вышук можна па злачынствах, па якіх прадугледжана больш за адзін год турэмнага зняволення.

— Падкажыце актывістам, куды лепш не ездзіць, калі вельмі не хочацца, каб вярнулі дамой?

— Лепш аб’язджаць Італію, Кіпр, некаторыя паўднёвыя краіны. Хутчэй за ўсё, у выдачы адмовяць, але непрыемны вопыт зняволення атрымаць можна. І гэта наўрад ці будзе цягнуцца меней за тры месяцы.
 

Большасць краін калі і лепшыя за Беларусь, дык “трошачку”

— Цяпер некаторыя актывісты намагаюцца прыпыніць удзел Беларусі ў Інтэрпале. А колькі часу спатрэбіцца, каб яго аднавіць? Уяўляю сітуацыю: дэмсілы на Беларусі перамаглі, а ўсе злачынцы раз’ехаліся. І нават у вышук не падасі.

— Прыняццё ў такія міжнародныя арганізацыі, як Інтэрпал, займае некалькі гадоў. Але, з іншага боку, і выпадкаў выключэння з яе таксама няма. Хіба што ў сітуацыях, калі краіны пераставалі існаваць.

Выключэнне Беларусі — вельмі малаімавернае рашэнне. Большасць краін у свеце калі і лепшыя за Беларусь у галіне правоў чалавека, дык “трошачку”. І гэтыя краіны таксама галасуюць, калі прымаюцца падобныя рашэнні.

Усе мы чулі пра абранне прадстаўніка Саудаўскай Аравіі прэзідэнтам Інтэрпала. І ўсе мы разумеем, што Саудаўская Аравія вельмі далёкая ад высокіх стандартаў у галіне правоў чалавека. Але сусвет такі, які ён ёсць.

Нам бы хацелася, каб у Інтэрпале былі краіны са стандартамі Нарвегіі, але праўда іншая. Таму ставіць пытанне пра злоўжыванні Беларусі, безумоўна, патрэбна, гэта вельмі важная тэма. Але разлічваць, што Інтэрпал скажа, маўляў, выключаем Беларусь як недэмакратычную краіну, не варта.

Інтэрпал — арганізацыя, створаная для барацьбы са злачыннасцю, і да 2020 года ў Беларусі быў вельмі добры імідж у гэтай сферы. Хутка змяніць стаўленне да краіны ў арганізацыі вельмі цяжка.

Але ёсць іншыя варыянты, напрыклад прыпыненне магчымасцяў для Беларусі падаваць запыты ў базу чырвонага цыркуляра. Ці стварэнне ў дачыненні да Беларусі камісіі, якая правярае кожнага чалавека.

— Спадар Алесь, калі б 10 гадоў таму вам не давялося выдаляць сваё прозвішча з базы Інтэрпала, чым бы вы займаліся цяпер?

— Калі б я застаўся ў Беларусі, думаю, як і большасць маіх сяброў і калег, такіх як Максім Знак і Сяргей Зікрацкі, займаўся б чымсьці звязаным з гаспадарчым правам. Але, як і большасць з іх, у нейкі момант усё роўна звярнуўся б да палітыкі. Таму што сітуацыя ў Беларусі прыйшла да таго, што ў Беларусі абарона і палітыка непадзельныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі