Вайскоўцы з КНДР прыбылі ў Курскую вобласць
Кім Чэн Ын і салдат
Некалькі тысяч вайскоўцаў з Паўночнай Карэі прыбылі ў Курскую вобласць і, магчыма, прымуць удзел у баявых дзеяннях супраць украінскіх войскаў разам з расійскімі салдатамі. Пра гэта паведамляе The New York Times, спасылаючыся на ўкраінскага і двух амерыканскіх чыноўнікаў.
Паводле інфармацыі крыніц выдання, салдаты з элітнага падраздзялення паўночнакарэйскай арміі знаходзяцца ў заходняй частцы Курскай вобласці з 23 кастрычніка. Папаўненне працягвае паступаць штодня, і да панядзелка, 28 кастрычніка, чакаецца, што ў рэгіён прыбудзе да пяці тысяч вайскоўцаў.
Пакуль няма доказаў удзелу вайскоўцаў з КНДР у баявых дзеяннях. Якую задачу ім можа паставіць расійскае камандаванне, калі вырашыць выкарыстоўваць паўночнакарэйцаў на полі бою, таксама невядома.
The New York Times падкрэслівае, што войскі КНДР не ўдзельнічалі ў канфліктах з 1950-х гадоў. У сувязі з гэтым узнікаюць пытанні наконт іх узроўню баяздольнасці.
Узброеныя сілы Украіны ўвайшлі ў Курскую вобласць РФ 6 жніўня 2024 года. На сёння яны захоўваюць кантроль над часткай тэрыторыі, у тым ліку над раённым цэнтрам Суджа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.