Велагоншчык Васіль Кірыенка назваў беларускую мову "мёртвай"
Лепшы велагоншчык нашай краіны, чалец брытанскай каманды Sky Procycling Васіль Кірыенка назваў беларускую мову "мёртвай". У інтэрв'ю Радыё Свабода ён заявіў, што не бачыць у беларусізацыі аніякай карысці. Сам спартсмен валодае іспанскай, італьянскай і на побытавым узроўні англійскай.
"У мяне супярэчлівае стаўленне да беларускай мовы..., — гаворыць Кірыенка. — Справа ў тым, што большую частку часу я знаходжуся ў Іспаніі, акурат на мяжы з Краінай Баскаў. Яна афіцыйна не існуе як адміністрацыйная адзінка, але жыхары лічаць інакш: усяляк адмяжоўваюцца ад іспанскай апекі, гавораць на сваёй мове. Дык вось мне цікавей было б ведаць іхнюю мову эўскера, чым сваю, беларускую. Чаму? Таму што, прабачце, можа каго пакрыўджу, але беларуская мова — не жывая; гэта мёртвая мова, на якой практычна ніхто не размаўляе. Яе, як лічу, у прымусовым парадку навязваюць, прыкладам, прымушаюць вывучаць маю дачку. Я, па вялікім рахунку, супраць гэтага. І калі мяне запытаюць — ці трэба так рабіць — адкажу: канечне, не!".
Спартсмен прызнаецца, што калісьці ён вывучаў беларускую мову і нават меў па ёй пяцёркі. Але пасля школы яна яму нідзе не прыдалася. "Хіба з палякамі кантактаваў, бо па-беларуску разумеюць, а больш гэтае веданне ніякай практычнай карысці не дало. Спрабаваць ажывіць нежывое — лішняе", — адзначыў веласіпедыст.