Венядзіктаў: Сечын сустракаўся з Лукашэнкам па даручэнні Пуціна
Кіраўнік кампаніі "Раснафта" Ігар Сечын сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам па даручэнні Уладзіміра Пуціна. Такое меркаванне выказаў галоўны рэдактар радыёстанцыі "Эхо Москвы" Аляксей Венядзіктаў у праграме "Асобная думка".
Візіт Сечына ў Мінск адбыўся 18 лютага. А напярэдадні, па словах Венядзіктава, Сечын сустракаўся з Пуціным. "Гэта азначае, што Сечын атрымаў даручэнне", — упэўнены Венядзіктаў.
Ён нагадаў пра нявырашаную нафтавую спрэчку паміж Беларуссю і Расіяй. Як вядома, з 1 студзеня расійскія кампаніі адмовіліся пастаўляць нафту ў Беларусь, бо краіны не дамовіліся пра ўмовы. Між тым, "Раснафта" была самым буйным пастаўшчыком нафты ў нашу краіну: у 2019 годзе на яе долю прыпала 50% сыравіны, якая паступіла ў Беларусь.
7 лютага кіраўнікі Беларусі і Расіі сустракаліся ў Сочы, але да пагаднення наконт паставак нафты не прыйшлі.
Венядзіктаў перакананы, што Сечын атрымаў ад Пуціна даручэнне па гэтым пытанні: "Ён яму прывёз рашэнне Пуціна. І мы сёння-заўтра даведаемся, якое рашэнне Пуціна ў адносінах да Беларусі і да нафтавага пытання".
На думку Венядзіктава, кіраўнік "Раснафты" прывёз у Мінск нейкія прапановы. Але што гэта былі за прапановы, кажа ён, трэба будзе глядзець па рэакцыі афіцыйнага Мінска.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.