Віцэ-прэм'ер расказала, як падкарэктуюць "дэкрэт аб дармаедах"
Да канца года ў "дэкрэт аб дармаедах" плануецца зрабіць змены. Пра гэта пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі распавяла журналістам віцэ-прэм'ер Наталля Качанава.
"Перш за ўсё, гэта пытанні, якія тычацца цяжкіх жыццёвых сітуацый і прадастаўлення права мясцовым органам улады прымаць рашэнне аб вызваленні ад збору грамадзян, у якіх склаліся непрадбачаныя жыццёвыя сітуацыі", — цытуе БЕЛТА словы чыноўніцы. Гэтае права аддадуць мясцовым саветам дэпутатаў і выканаўчай уладзе.
Таксама віцэ-прэм'ер паведаміла, што пашырыцца спіс катэгорый грамадзян, вызваленых ад выплаты збору "на дармаедаў". Гэта, напрыклад, тыя, хто праходзіць альтэрнатыўную службу, спартоўцы, якія ўваходзяць у склад нацыянальнай або зборнай каманды Беларусі па тым або іншым відзе спорту і не атрымоўваюць нейкага прыбытку.
Акрамя таго, будуць перанесеныя тэрміны выдачы паведамленняў і выплаты збору за 2015 год — на 20 студзеня і 20 лютага 2017 года адпаведна.
"Дэкрэт працуе. Упэўненая, што гэтае рашэнне было правільна прынята. Людзі пачалі думаць, што трэба не проста працаваць, а прымаць удзел у тых выдатках, якія нясе сёння дзяржава. Гэта і адукацыя, і ахова здароўя, і праваахоўныя органы", — падвяла рысу Качанава.
На 1 лістапада 2016 года колькасць вакансій у Беларусі на 1300 перавысіла колькасць беспрацоўных. Падаткавікі працягваюць збіраць базу так званых "дармаедаў" за 2015 год. Грамадзянам ужо накіравана 73 тысячы паведамленняў. "Падатак на дармаедаў" заплацілі 9500 чалавек. Агульная сума збораў склала 2,8 млн рублёў.