Віцэ-прэм'еры Беларусі і Расіі абмеркавалі пераарыентацыю экспарту
27 лістапада віцэ-прэм'еры Беларусі і Расіі абмеркавалі пераарыентацыю беларускага экспарту. Юрый Назараў (з беларускага боку), Аляксандр Новак і Аляксей Авярчук (з расійскага) правялі сустрэчу ў фармаце відэаканферэнцыі. Як паведамляе прэс-служба расійскага ўрада, перамовы адбыліся ў рамках падрыхтоўкі сустрэчы кіраўнікоў урадаў — Рамана Галоўчанкі і Міхаіла Мішусціна.
Як паведамляе БЕЛТА, сярод іншых пытанняў абмяркоўвалася пераарыентацыя экспартных паставак беларускіх нафтапрадуктаў. Адзначаецца, што кансультацыі будуць працягнуты, а "зацікаўленыя органы дзяржкіравання" атрымалі даручэнні.
Аляксандр Лукашэнка заявіў пра магчымую пераарыентацыю беларускага экспарту з партоў у Літве ў жніўні 2020-га. Гэта быў яго адказ на пагрозу ўвядзення супраць афіцыйнага Мінска санкцый.
Восенню неаднаразова паведамлялася, што Беларусь і Расія абмяркоўваюць пераарыентацыю беларускіх грузаў з балтыйскага накірунку на расійскі порт Усць-Луга. Гаворка ішла найперш пра нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні.
Расійскі міністр энергетыкі Аляксандр Новак у канцы верасня гаварыў, што ідзе "прапрацоўка эканамічных умоваў". Аб'ёмы тых жа беларускіх нафтапрадуктаў разглядаліся ў памеры 4-6 млн тон.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.