Віцебская сям'я арганізавала крымінальны бізнес, пацярпелі больш за 30 чалавек

Віцебская сям'я арганізавала крымінальны бізнес, пацярпелі больш за 30 чалавек

Віцебская сям'я з чатырох чалавек арганізавала крымінальны бізнес, ад якога пацярпелі больш за 30 чалавек. Як інфармуе ў Telegram прэс-служба МУС, зламыснікі ўгаворвалі людзей (звычайна яны выбіралі мужчын і жанчын, якія вялі "асацыяльны лад жыцця") афармляць на сябе бытавую тэхніку ў крэдыт. Плацілі за гэта 50-100 рублёў і знікалі разам з тэлевізарамі, халадзільнікамі, мікрахвалёўкамі ці тэлефонамі. Зразумела, што плаціць па крэдытах яны не збіраліся. У шэрагу выпадкаў на кліента афармляліся крэдытныя карты, якія зламыснікі таксама забіралі. Бытавая тэхніка прадавалася праз адну гандлёвую кропку.

Міліцыя высветліла, што ўдзельнікам крымінальнага бізнесу дапамагалі прадаўцы-кансультанты і прадаўцы двух буйных гандлёвых сетак. Яны аказвалі дапамогу ў афармленні дакументаў, у вырашэнні з банкамі пытанняў аб плацёжаздольнасці кліентаў. За гэта гэтыя людзі атрымлівалі грошы. Кіраўніцтва гандлёвых сетак не падазравала, чым займаюцца работнікі, і выпісвала ім прэміі за прададзеныя тавары.

Агульная сума страт, нанесеных дзясяткам пацярпелых зламыснікамі, яшчэ падлічваецца. Ужо вядома, што толькі чацвёра чалавек завінаваціліся па крэдытых больш за 25 тысяч рублёў.

У дачыненні затрыманых распачалі крымінальную справу па факце махлярства, здзейсненага групай асоб у асабліва буйным памеры. Ім пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі