Віцебскую актывістку тры дні пратрымалі ў аэрапорце, але так і не ўпусцілі ў РФ
Станіслава Цярэнцьева / фота з сацсетак
Віцебская актывістка Станіслава Цярэнцьева тры дні правяла ў аэрапорце Краснаярска, але яе так і ўпусцілі ў Расію. Свае прыгоды яна апісала ў Facebook.
У Краснаярск яна ляцела з Тбілісі праз Ерэван. У Тбілісі яна вымушаная была пераехаць пасля ўдзелу ў пратэстах у 2020. Пасля вулічных акцый яе некалькі разоў затрымлівалі. Калі з ператрусам прыйшлі да яе знаёмых, дзяўчына вырашыла з'ехаць.
Перад палётам у Краснаярск, па яе словах, яна прыняла меры бяспекі. Але на пашпартным кантролі яе адвялі ў бок, потым 9 гадзін дапытвалі, узялі адбіткі пальцаў, узоры валасоў і сліны.
"Пасля начальнік аэрапорта паведамляе, што прынята рашэнняў не ўпускаць мяне ў краіну. Прычына, я пагражаю бяспецы РФ. Частка пытанняў была пра маю патэнцыйную сувязь з ФБК (Фонд барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага — Еўрарадыё)", — распавядае дзяўчына.
Тры дні да зваротнага самалёта ў Ерэван яна правяла ў пакоі без разетак і крыніц выкліку супрацоўнікаў. Раз у дзень ёй прыносілі ежу. У першы дзень далі магчымасць на пяць хвілін выйсці ў інтэрнэт, каб паведаміць блізкім, дзе яна. Пашпарт вярнулі перад адлётам.
"Праз тры дні за мной прыйшлі супрацоўнікі, мяне суправаджалі на кожным этапе — ад пасадкі ў салон да апытання ў памежнай службе ў Ерэване (затое ўсюды без чэргаў)", — жартуе дзяўчына.
Паводле яе слоў, у Ерэване так і не зразумелі, чаму не ўпусцілі беларуску, у якой з дакументамі ўсё добра.
"Саветы не прымаю, намёкі разумею — в/над/праз РФ не лётаю цяпер", — падвяла вынік сваіх прыгодаў віцебская актывістка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.